Четверг, 5 декабря 2024

У Беларусі праходзіць Тыдзень маці

744

Яўгенія Францэвіч не думала, што стане шматдзетнай маці. Але гэта ёй, відаць, было наканавана лёсам. Старэйшай Алінцы ўжо дванаццаць. Яна — маміна апора і памочніца. Калі тры гады таму ў яе з’явіліся адразу і брацік, і сястрычка, дзяўчынка літаральна плакала ад шчасця, гавораць бацькі. Сёння яна з задавальненнем дапамагае спраўляцца з гарэзамі-двайняткамі Дзімкам і Дашкай.


Павелічэнне сям’і адразу на два чалавекі стала для Францэвічаў нагодай для пашырэння жыл-плошчы. Пакуль галава сям’і Аляксандр Аляксандравіч будуе новыя квадратныя метры, яго палавінка займаецца выхаваннем дзяцей.
— Сёння я жыву толькі дзецьмі. І павінна прызнацца, што ўсю асалоду мацярынства адчула толькі пасля нараджэння двайнятак. Нават калі прапанавалі скарыстацца паслугамі бясплатнай нянькі — адмовілася: хачу кожнае імгненне пражыць разам з дзецьмі. Ды і мне спакойна толькі тады, калі ўсе мае крывінкі побач са мной, — гаворыць Яўгенія Мікалаеўна. — Што для мяне галоўнае як для жанчыны? Для мяне гэта ўзаемаразуменне з мужам, мір ды згода ў сям’і і, вядома, здаровыя дзеткі. А большага і не патрэбна!
Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.