Пятница, 17 января 2025

У аснове яе прафесійнай дзейнасці — прынцып любові і павагі да навучэнцаў. Выкладчыца аграрна-тэхнічнага каледжа Вольга Балабушка атрымала дыплом лаўрэата Міжнароднага конкурсу «Школа без межаў»

622

«Школа без межаў». Так называецца Міжнародны конкурс педагагічных ідэй і майстэрства сярод выкладчыкаў рускай мовы ў краінах СНД, у першым этапе якога прыняла ўдзел і ўвайшла ў лік пераможцаў выкладчык аграрна-тэхнічнага каледжа Вольга Балабушка.

Усяго на конкурс, заснаваны Міністэрствам асветы Расійскай Федэрацыі, паступіла больш за шэсцьсот заявак з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кіргізіі, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана. Брэсцкую вобласць прадстаўляла адна пружанка.

Па выніках першага этапа педагагічных спаборніцтваў журы, у склад якога ўвайшлі выкладчыкі вядучых расійскіх ВНУ, кандыдаты і дактары філалагічных навук, члены Арфаграфічнай камісіі РАН, вызначыла 12 фіналістаў і 42 лаўрэаты па розных намінацыях.

Вольга Балабушка вызначылася ў асноўнай намінацыі – «За майстэрства выкарыстання тэхналогій выкладання» і атрымала імянны дыплом лаўрэата і права публікацыі ўласнага педагагічнага праекта ў афіцыйным электронным зборніку конкурсу, які распаўсюджваецца ў прафесійнай супольнасці выкладчыкаў рускай мовы краін СНД.

Што ўяўляе сабой праект Вольгі Балабушка, у якім трэба было паказаць не адзінкавую, а сістэмную працу з уласнымі метадычнымі інавацыямі?

Пра гэта журналісты “раёнкі” паспрабавалі даведацца, што называецца, з першых вуснаў. Мы сустрэліся з Вольгай Васільеўнай пасля заняткаў у аўдыторыі каледжа, якая яшчэ патанала ў калядным антуражы.

«Merry Christmas!» — гэта і іншыя віншавальныя надпісы, а таксама мілыя замалёўкі мелам на дошцы дапамаглі раскрыць характар узаемаадносін «настаўнік-вучні». У аўдыторыі Вольгі Балабушка, як у добрай сям’і, усе размаўляюць на роўных, дазваляючы радавацца нават падчас навучальнага працэсу. Тут недапушчальны ментарскі тон, тут шануюць кожнага суразмоўцу і паважаюць яго меркаванне. Тут ствараюць утульнасць.

— Дзеці павінны адпачываць на ўроку і адчуваць прыгажосць слова. Хоць, слова «павінны» трэба наогул прыбраць з ужытку, адзнакі з часам таксама прыбраць. Хоць, прызнацца, я іх стаўлю і не заўсёды высокія, — усміхаецца жанчына. — Толькі далікатнае стаўленне і павага да ўзроўню ведаў навучэнцаў можа прывесці да добрага выніку. Не трэба шмат патрабаваць ад дзяцей, яны і так стамляюцца. Мы не ведаем, як наша слова адзавецца ў іх душах. Трэба быць вельмі асцярожнымі, беражлівымі і акуратнымі. Ніякага насаджэння свайго меркавання, ніякага апелявання да аўтарытэту дарослых. Трэба да дзяцей прынараўлівацца, мы ж без іх ніхто. Можаш даць нешта ім, дай. Але не нашкодзь!

Прынцып любові і павагі да навучэнцаў і лёг у аснову прафесійнай дзейнасці Вольгі Балабушка, якая збірае па макулінках кожнае іх слова, а потым выдае зборнікі.

— Вось вучань сказаў нешта цікавае, сваё, не запазычанае ў кагосьці, я тут жа падхапіла і запісала. Ніякімі глабальнымі сачыненнямі дзяцей імкнуся «не душыць». Вітаю іх аўтарскае слова, каб яны не спісвалі, а спрабавалі разабрацца ў сабе і разважалі. Вучу ўспрымаць мастацкія тэксты, ні ў якім разе не іх скарочаныя версіі. Часам дастаткова прачытаць дзве старонкі арыгінальнага тэксту, каб навучэнец змог паглыбіцца ў тэкст і зразумець індывідуальны стыль пісьменніка. Гэта не апошні складнік маёй методыкі! Дзеці выказалі свае думкі, я іх запісала і паказала журы разам са сваімі тэарэтычнымі даследаваннямі. Так што гэта, лічу, наша супольная перамога! — заяўляе Вольга Васільеўна.

Дарэчы, яна — карэнная пружанка, вучылася ў сярэдняй школе № 2, якая цяпер называецца гімназіяй, і ў музычнай школе. Сінтэз гуманітарных і музычных здольнасцей, па заслугах ацэнены настаўнікамі, і дапамог у свой час вызначыцца з выбарам спецыяльнасці. Пасля заканчэння Брэсцкага педуніверсітэта Вольга Васільеўна пачала сваю педагагічную дзейнасць у СШ №5, а ў 2010 г. перайшла ў аграрна-тэхнічны каледж. І вось ужо дванаццаць гадоў дапамагае навучэнцам знайсці сваё месца ў гэтым свеце.

— У якім усё гнутка, рухома і не спазнана да канца. Спадзяюся, у гэтым свеце заўсёды будзе ўтульна маім дзецям (малодшая дачка вучыцца ў медыцынскім каледжы, а старэйшая пайшла па маёй педагагічнай дарожцы) і маім вучням. Яны ў мяне слаўныя!

Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік