Ёсць Беларусь, якой захапляюцца замежныя госці: з шыкоўнымі дарогамі, абкошанымі абочынамі, акуратнымі палеткамі і дагледжанымі вёскамі.
Але ёсць іншая Беларусь. Тут канчаецца асфальт і пустыя паўразбураныя хаткі глядзяць сляпымі вачыма-акенцамі на заплеценыя павітухай і хмелем рэшткі платоў. Каб трапіць сюды, даводзіцца мінаць дзікае балота, а ў дажджлівае надвор‘е – нават гразнуць у пары-тройцы бяздонных лужын…
Ды справа аказваецца таго вартая: настоенае на хваёвым водары паветра запаведных мясцін здаецца такім густым, што яго можна рэзаць нажом. Сэрца проста замірае ад прыгажосці і першазданнасці наваколля. Тут летам буяюць усімі фарбамі палявыя кветкі, восень расквечвае старыя клёны залатымі і чырвонымі колерамі, а зіма засцілае пухнатым белым кілімам някошаныя мурагі.
Раніцай на вясковай сцежцы ў гэтай Беларусі ўбачыш сляды казулі, дзіка ці нават ваўка. Тутэйшыя людзі не здзіўляюцца статку зуброў на азімым палетку: маўляў, зноў гэтыя “каравы” падсілкоўваюцца. Але мясцовых жыхароў засталося няшмат: у будні дзень можна гадзінамі ездзіць па наваколлі і не сустрэць ні душы. І толькі ў выхадныя рухаюцца па лесе аматары ціхага палявання, з‘язджаюцца на малую радзіму – бацькоўскія і дзедаўскія сядзібы — так званыя дачнікі.
Апошнім часам усё актыўней імкнуцца ў аддаленыя вёскі мастакі, якіх “неарганізаваная” прыгажосць натхняе да творчасці, і фалькларысты, што мараць знайсці тут рэшткі цудам не страчанай аўтэнтычнасці ў песнях, танцах, мове, рамёствах. З адной такой суполкай мы нядаўна чарговы раз сустрэліся на аграсядзібе “Стулы”. Члены грамадскага аб‘яднання аматараў мастацтваў “ТУР” талакой ладзілі батлейку.
Ой, баюся, што ў сваёй спробе ўсё сказаць адной фразай застануся незразумелай для большасці чытачоў.
Хаця, што тычыцца аб‘яднання майстроў народнай творчасці Брэстчыны, напэўна, доўгія тлумачэнні тут не патрэбны. Жыхары нашага раёна ведаюць суполку “ТУР”, у першую чаргу, па пленэрах рэзчыкаў. Менавіта дзякуючы ім гарадскі пасёлак Ружаны ўпрыгожылі драўляныя постаці князёў Сапегаў і іншых высокіх асоб старажытнасці. У апусцелай жа вёсцы Стойлы ў рамках праектаў «Сцежкамі Міколы Тарасюка» і «Вясковы рэнесанс» пастараліся захаваць памяць пра народнага майстра Міколу Тарасюка і наогул пра людзей, якія жылі тут. І вось ладзіцца новы праект: «Мастацтва шчырага сэрца».
Весела танцуюць жоўтыя языкі полымя над дровамі ў каміне. Нагрэць вялікую залу-альтанку ў сыры і дажджлівы дзень не вельмі проста. Але за цікавай працай і холаду ніхто нібы не адчувае.
Сумеснай працай, дадам.
Што атрымаецца з гэтай мешаніны розных творчых почыркаў, розных густаў і светапоглядаў, яшчэ не ведае ніхто. Але ўсе чамусьці ўпэўнены: атрымаецца добра, таму што кожны ўкладае ў сваю частку справы душу.
Эскіз батлейкі, гэтага пераноснага лялечнага тэатрыка, зрабіў народны майстар з Камянца Уладзімір Чыквін, увасобіў задумку ў дрэве разьбяр Вячаслаў Дароцька з вёскі Барысава Кобрынскага раёна, распісала кветкамі і анёламі ў старажытных пружанскіх традыцыях народны майстар Марыя Кулецкая.
Лялькі-фігуркі (у класічнай батлейцы павінна быць 12 базавых персанажаў і пэўная колькасць дадатковых) значна адрозніваюцца па стылі: майстры абавязаны толькі вытрым-ліваць памеры. Над выявамі Святой Сям‘і працуе старшыня аб‘яднання народны майстар Беларусі Анатоль Туркоў, летуценных анёлаў у сарочках-вышыванках выразае Уладзімір Чыквін, Валерый Манцэвіч з Драгічына ўвасабляе вобразы Рахель і ваяроў, Аляксандр Лазерка выконвае неверагодныя постаці Смерці з касой і Нячысціка.
Гэта ўсё з дрэва. А вось валяная з шэрсці авечка работы Наталлі Глявацкай, зорка, сонца і месяц, сплеценыя з саломы Наталляй Ярмоцык з Бярозы. Таццяна Гладкоўская з Брэста пашые адзенне для герояў, Марына Марчук намалюе ў тэхніцы батыку карціны раю і пекла.
І таксама яшчэ не ўсё. Народны майстар Таццяна Зданевіч з Бярозы занялася роспісам прыгожага куфра, дзе будуць захоўвацца лялькі (не ў скрынцы ж такую прыгажосць трымаць). А дзяўчаты-студэнткі, якія цікавяцца выцінанкай, пад кіраўніцтвам усё той жа Марыны Марчук выразаюць з паперы не проста сняжынкі для ўпрыгожання вялікіх вокнаў — цэлыя карціны са снежнымі сумётамі, елачкамі, зоркамі, цэркаўкамі, анёлкамі…
А за ўсім гэтым — гаспадыня аграсядзібы «Стулы», яна ж аўтар ідэі і арганізатар творчай талакі Ларыса Быцко раіць, тлумачыць, стараецца адразу ўсюды паспяваць.
—Мастацтва старажытнай батлейкі зараз імкнуцца ўзнавіць у многіх мясцінах, — кажа Ларыса Мікалаеўна. — Але ў Брэсцкай вобласці батлейка ёсць пакуль толькі ў Доме рамёстваў вёскі Русіно Баранавіцкага раёна. Ды калі б і больш іх было, наша ўсё роўна асаблівая. Па-першае, робіцца рознымі почыркамі, рознымі стылямі падачы. Па-другое, паглядзіце, хто ў гэтым праекце ўдзельнічае: ажно пяць народных майстроў плюс члены Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Колькі таленту ўкладзена ў іх працу! Наша батлейка і без спектакля ўжо мастацкі твор. Але ж мы рыхтуем сапраўдны калядны спектакль у класічных батлеечных традыцыях — пра цара Ірада і нараджэнне Хрыстова. Прэм‘еру плануем паказаць напярэдадні каталіцкіх Каляд, 24 снежня ў 17 гадзін, вось у гэтай альтанцы. Так што запрашаем усіх жадаючых. Наогул марым, што наша батлейка будзе працаваць і далей з іншымі спектаклямі, а на наступны год паедзем з ёй на Міжнародны фестываль батлеек, што праводзіцца ў Мінску ў Свята-Лізавецінскім манастыры.
Узмацніўся дождж, але неба ўжо зацягвала снегавая хмара. Калі я традыцыйна падышла да скульптурнай выявы Міколы Тарасюка, ягоная постаць здалася яшчэ больш адзінокай і панылай, а па твары каціліся буйныя халодныя кроплі, нібы слёзы. Не трэба роспачы, майстар: усяго ў некалькіх дзясятках метраў ад цябе свецяцца вокны па-святочнаму ўбранай выцінанкамі альтанкі культурна-адукацыйнага цэнтра, і палае агонь у каміне, і пачуццё творчага яднання перапаўняе сэрцы…
Слязінкай халодная кропля дажджу на шчацэ замярзае.
Сняжынкі чароўнай карункавай казкай на акне не растаюць.
Ужо войска рыхтуе, каб Стулы засыпаць, завея…
Ды толькі натхненне і талент тут душы і сэрцы сагрэюць.
Ірына Сядова. Фота аўтара.
МІЖ ІНШЫМ
Батлейка вядома беларусам з XVI-XVII стагоддзяў. Наогул гэтае слова паходзіць ад назвы горада Віфлеем, дзе ў Калядную ноч у авечых яслях нарадзіўся Ісус Хрыстос. Класічныя спектаклі разыгрываліся толькі на гэтую біблейскую тэму, але пазней да іх сталі дабаўляцца і свецкія пастаноўкі. Фактычна батлейка была правобразам лялечнага тэатра і ў нечым замяняла нашым продкам сучасны тэлевізар.