У рэдакцыю звярнуўся мясцовы жыхар. Ён быў незадаволены станам адной з пабудоў, якая псуе знешні выгляд горада:
«У Пружанах па вул. Інтэрнацыянальнай ёсць пустуючы будынак. У ранейшыя гады ў ім размяшчалася спартыўная зала, адміністрацыя кабельнага тэлебачання. Цяпер будынак знаходзіцца ў неналежным стане: разбіты вокны, на даху — расліннасць, а знешні выгляд вымушае жадаць лепшага».
У сувязі з гэтым мы вырашылі звязацца з галоўным архітэктарам раёна Аляксандрам Глушко і даведацца, ці прымаліся якія-небудзь меры адносна гэтага збудавання і, наогул, як вядзецца работа з падобнымі аб’ектамі ў нашым горадзе.
— Будынак па вул. Інтэрнацыянальнай знаходзіцца на кантролі аддзела архітэктуры. Уласніку ўжо выпісана прадпісанне, у ім указана неабходнасць прывядзення ў належны стан знешняга выгляду ў вызначаны тэрмін. У адваротным выпадку будзе разгледжана пытанне аб прыцягненні ўладальніка да адміністрацыйнай адказнасці, — адзначыў Аляксандр Генадзьевіч.
Згодна з артыкулам 22.9 КоАП Рэспублікі Беларусь, самавольнае пераабсталяванне архітэктурных і канструктыўных элементаў фасадаў жылых дамоў, іншых будынкаў і збудаванняў, непрыняцце мер па падтрыманні ў належным стане знешняга выгляду будынкаў, збудаванняў і агароджы цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 2-х да 15-ці базавых велічынь.
На кантролі аддзела архітэктуры і іншыя аб‘екты, размешчаныя ў нашым горадзе, якім неабходны догляд. Была праведзена працэдура іх камісійнага абследавання, пасля якой уладальнікам былі накіраваны прадпісанні.
— Калі ж і пасля прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці і вынясення пастановы аб накладанні штрафу ўласнік памяшкання не захоча прыводзіць яго ў парадак, то дадзеная працэдура паўторыцца зноў, — падкрэсліў галоўны архітэктар раёна.
Так ці інакш уладальніку збудавання прыйдзецца расставацца са сваімі грашыма, але лепш гэта здзейсніць без негатыўных для сябе наступстваў і пры гэтым зрабіўшы выгляд нашага горада яшчэ прыгажэйшым.
Ад рэдакцыі: у мінулую пятніцу скончыўся тэрмін прадпісання ўласніку пустуючага памяшкання, якое размяшчаецца па вул. Інтэрнацыянальнай. У сувязі з тым, што ніякіх мер па выпраўленні сітуацыі прынята не было, у дачыненні да яго распачата вядзенне адміністрацыйнага працэсу.
Руслан Басак.
Фота аўтара