Четверг, 25 апреля 2024

У аддзеле па адукацыі растлумачылі, як павінен адбывацца працэс наведвання настаўнікам дзіцяці на даму

585

— Патлумачце, калі ласка, як павінен адбывацца працэс наведвання дзіцяці на даму настаўнікам? Гэта абавязак класнага кіраўніка? Якія дакументы гэта рэгламентуюць?

Са званка ў рэдакцыю

Разабрацца ў тэме дапамагла галоўны спецыяліст сектара па пытаннях сацыяльнага забеспячэння правоў непаўналетніх раённага аддзела па адукацыі Таццяна Пракопчык.

— Асноўны дакумент, згодна з якім наведваюцца ўсе сем’і незалежна ад іх статусу, — гэта «Метадычныя рэкамендацыі па міжведамасным узаемадзеянні дзяржаўных органаў, дзяржаўных і іншых арганізацый пры выяўленні неспрыяльнага для дзяцей становішча, правядзенні сацыяльнага расследавання, арганізацыі работы з сем’ямі, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы».

Згодна з ім, вывучэнне асаблівасцей сямейнага выхавання класным кіраўніком павінна ажыццяўляцца рэгулярна, рэкамендаваная перыядычнасць наведвання непаўналетніх дома — 1 раз на год, але пры ўзнікненні такой неабходнасці — і часцей.

Дадзеныя рэкамендацыі таксама вызначаюць тэрміны наведвання сем’яў. Калі абагульніць інфармацыю: класны кіраўнік павінен наведаць усе сем’і сваіх вучняў да 1 студзеня. Наведванне праводзіцца па папярэднім узгадненні з законнымі прадстаўнікамі непаўналетняга.

Пры наведванні сям’і настаўнік павінен звярнуць увагу на месца для падрыхтоўкі ўрокаў і адпачынку вучня, наяўнасць неабходных прадметаў ужытку. Педагог павінен прааналізаваць, як дзіця ставіцца да сваіх бацькоў, як адчувае сябе падчас візіту.

Таксама настаўнікі спасылаюцца на галоўны прафесійны дакумент — Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, у 34 артыкуле якога прапісана, што бацькі абавязаны забяспечваць умовы для атрымання адукацыі і развіцця навучэнца.

Апроч усяго, ёсць асобная катэгорыя сем’яў, якія наведваюцца ў адпаведнасці з іншымі нарматыўнымі дакументамі.

Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб прызнанні знаходжання дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы» зацвярджае крытэрыі і паказчыкі сацыяльна небяспечнага становішча (СНС), рэгламентуе, як праводзіць сацыяльнае расследаванне.

Калі, напрыклад, настаўніка не задаволілі ўмовы пражывання дзіцяці, ён павінен паведаміць аб гэтым адміністрацыі ўстановы адукацыі і занесці інфармацыю ў адпаведны журнал, які ёсць у кожным садку ці школе. Далей установа адукацыі выдае загад аб правядзенні сацыяльнага расследавання і ў трохдзённы тэрмін стварае камісію (у яе уваходзяць не толькі педагогі, але і медыцынскія работнікі, прадстаўнікі міліцыі і г.д.) з мэтай наведвання сям’і і выяўлення крытэрыяў СНС. Вынікі праведзенай работы разглядаюцца на пасяджэнні савета ўстановы адукацыі па прафілактыцы, а затым накіроўваюцца ў каардынацыйны савет.

Калі каардынацыйны савет усё ж такі пацвердзіў статус СНС, зацвярджаюцца мерапрыемствы, накіраваныя на ліквідацыю дадзенай сітуацыі. І ўжо тут абавязковым пунктам выступае наведванне сям’і па месцы жыхарства, прапісваецца неабходная перыядычнасць (не радзей за раз на тыдзень). У такім выпадку пра дату і час наведвання законных прадстаўнікоў дзіцяці загадзя не папярэджваюць. Дакумент з зацверджанымі мерапрыемствамі ўручаецца бацькам, і яны ведаюць аб гэтай неабходнасці.

Наконт дзяцей, у адносінах да якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа (ІПР). У 10 артыкуле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх» гаворыцца, што работнiкi органаў, устаноў i iншых арганiзацый, якiя працуюць з такімі непаўналетнiмі, павінны ў тым ліку іх наведваць. Як вы разумееце, сем’і, у якіх жыве дзіця, што стаіць на ўліку па правядзенні ІПР, таксама не папярэджваюць аб прыходзе настаўніка.

Яшчэ адна катэгорыя — дзеці, якія засталіся без бацькоўскай апекі. Там асаблівы парадак наведвання, які таксама рэгулюецца сваімі дакументамі.

Апроч гэтага, у раёне праводзіцца шэраг акцый, падчас якіх настаўнікі наведваюць сем’і сваіх вучняў. Такія мерапрыемствы («Дом без насілля», «Сям’я без насілля», «За бяспеку разам» і іншыя) могуць быць арганізаваны іншымі суб’ектамі прафілактыкі. Сістэма адукацыі часта далучаецца да падобных акцый.

Паверце, у настаўнікаў ёсць сваё жыццё. Проста так, без важкіх прычын яны не будуць хадзіць да вас у госці. А наведванне вучняў — іх абавязак: педагогі павінны быць упэўненымі ў бяспецы дзяцей.

Паважаныя бацькі, калі ў вас узнікаюць пытанні ў дачыненні да настаўнікаў, звяртайцеся ва ўстанову адукацыі, школа заўсёды выступае за дыялог. Не адмаўляйцеся ад мірнага вырашэння спрэчных момантаў, не сячыце з-за пляча. У ходзе гутаркі заўсёды можна адзін аднаго зразумець і знайсці выйсце з канфліктнай сітуацыі.

Падрыхтавала Юлія Янушка