Для дзяцей лета — час доўгачаканых канікул. Аднак бацькі школьнікаў перад наступленнем гэтага перыяду задаюцца пытаннем: як арганізаваць вольны час сваіх дзяцей так, каб адпачынак быў не толькі прыемным, але і карысным? Добрым рашэннем у такім выпадку могуць стаць аздараўленчыя летнія лагеры.
Як паведаміла метадыст аддзела па адукацыі райвыканкама Вольга Калюта, у гэтым годзе ў лагерах у перыяд летніх канікул плануецца аздараўленне 1850 дзяцей з Пружаншчыны.
З першых дзён чэрвеня пачнуць сваю работу прышкольныя аздараўленчыя лагеры з дзённым знахо-джаннем дзяцей.
Для тых, хто хоча не толькі адпачыць, але і падзарабіць грошай, на тэрыторыі Пружанскага раёна будзе адкрыта шэсць лагераў працы і адпачынку (ЛПА). Яны будуць дзейнічаць у чэрвені пры СШ № 3 і СШ № 5 г. Пружаны, а таксама на базе Магілявецкай, Кляпацкай, Шарашэўскай, Хараўской сярэдніх школ.
Лагеры працы і адпачынку могуць наведваць толькі дзеці ва ўзросце ад 14 гадоў, якія не маюць абмежаванняў па здароўі. На працягу дня школьнікі будуць працаваць па 6-7 гадзін (старэйшыя за 16 гадоў) альбо 4 гадзіны (з 14 да 16 гадоў).
Калі ў лагер працы і адпачынку хоча трапіць школьнік ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў, то бацькі павінны напісаць заяву аб сваёй згодзе на выкананне работ іх дзіцяцем. Падлеткі ад 16 да 18 гадоў самі пішуць такую заяву.
Працаваць летам будуць і спартыўна-аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем пры СДЮШАР г. Пружаны (плануецца дзве змены) і ДЮСШ №2 г. Пружаны (тры змены).
Таксама гэтым летам для дзяцей будуць адкрыты выязныя аздараўленчыя лагеры «Юны турыст» (аг. Руднікі) і «Дубок» (в. Паддубна). Лагер «Дубок» будзе працаваць у пяць змен, кожная з якіх мае сваю накіраванасць. Першых дзяцей тут прымуць ужо 5 чэрвеня.
Адпачынак у «Юным турысце» будзе арганізаваны на працягу чатырох змен таксама рознай тэматыкі. Першая пачнецца 9 чэрвеня.
Наборы дакументаў для афармлення дзіцяці ў розныя віды лагераў могуць мець пэўныя адрозненні. Аднак амаль у кожным выпадку бацькі павінны паклапаціцца пра наяўнасць даведкі аб стане здароўя дзіцяці, даведкі з месца працы мамы ці таты, пашпарта або ксеракопіі пашпарта ці пасведчання аб нараджэнні дзіцяці, квітанцыі аб аплаце кошту пуцёўкі і заявы аб прыняцці дзіцяці ў лагер, якая пішацца на імя яго дырэктара.
Нагадаем таксама, што, згодна з рашэннем Пружанскага райвыканкама ад 10.05.2023 № 843, 100-працэнтнае змяншэнне кошту аплаты за пуцёўку забяспечана дзецям, якія з’яўляюцца выхаванцамі сацыяльна-педагагічнага цэнтра, а таксама дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзецям-сіротам, дзецям-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў, якія пражываюць на тэрыторыі Пружанскага раёна.
Таксама кіраўнікам прадпрыемстваў, арганізацый рэкамендавана кампенсаваць за кошт уласных сродкаў і сродкаў прафсаюзаў бацькоўскую плату за пуцёўкі ў аздараўленчыя лагеры ў аб’ёме да 100 працэнтаў, шматдзетным і малазабяспечаным сем’ям — 100 працэнтаў.
Жадаем дзецям прыемнага адпачынку на доўгачаканых летніх канікулах!
Валерыя Адамчук, студэнтка журфака БДУ