Четверг, 5 декабря 2024

У абласной канферэнцыі новай партыі «Белая Русь» прынялі ўдзел старшыня Пружанскага раённага аддзялення і яго намеснік

173

На гэтым тыдні ў Брэсце адбылася канферэнцыя абласнога аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь», у якой прыняла ўдзел і дэлегацыя з Пружанскага раёна ў складзе старшыні раённага аддзялення Віталія Матвіенкі і яго намесніка Аляксандра Усіка.

На форуме абмяркоўвалася некалькі арганізацыйных і планавых пытанняў, сярод якіх асноўнымі сталі выбары савета абласнога аддзялення «Белай Русі» з правам юрыдычнай асобы, а таксама зацвярджэнне старшыні гэтага кіруючага органа партыі на абласным узроўні.

Удзельнікі канферэнцыі адобрылі прапанаваныя кандыдатуры, у лік якіх ад Пружаншчыны увайшоў Віталій Матвіенка. А вось старшынёй абласнога кіруючага органа быў выбраны Ігар Брылевіч — старшыня Пінскага райвыканкама.

Таксама на партыйнай сустрэчы надавалася ўвага планаванню дзейнасці палітычнай суполкі ў разрэзе рэгіёнаў. У прыватнасці, акцэнт рабіўся на пашырэнне шэрагаў «Белай Русі» ў кожным раёне вобласці. Дасягаць гэтай мэты неабходна праз папулярызацыю дзейнасці партыі шляхам яе актыўнага ўдзелу ў агульнарэспубліканскіх, абласных і раённых сацыяльна значных мерапрыемствах. Больш за тое, пастаўлена задача рэгіянальным аддзяленням распрацаваць на працягу бягучага года ўласныя праграмы падобных урачыстасцяў, тым самым прэзентуючы актыўную грамадскую пазіцыю гэтага маладога палітычнага аб’яднання.

Напрыканцы канфэрэнцыі былі ўручаны членскія білеты эксклюзіўнага ўзору, а наша дэлегацыя ў дадатак атрымала Пасведчанне аб стварэнні на Пружаншчыне раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь». Дакумент быў уручаны Віталію Матвіенку (на здымку).

Алег Сідарэнка. Фота прадастаўлена «Белай Руссю»