
Каб атрымаць аддачу ў жывёлагадоўлі, патрэбны не толькі паўнацэнныя кармы, але і добры догляд, камфортныя ўмовы ўтрымання. І для работы калектыву ўмовы працы — справа вялікая. Нельга разлічваць на паспяховае развіццё прадпрыемства, калі бачыш у людзях толькі механізм для дасягнення рэзультату.
У ААТ «Жураўлінае» не толькі ўпэўнены ў праўдзівасці сказанага, але і прымяняюць гэтыя прынцыпы на практыцы.

Прыкладам можа паслужыць навес для цялят на зімова-стойлавы перыяд, пабудаваны на МТК «Белавусаўшчына» і ўведзены ў эксплуатацыю ў верасні бягучага года. На вока гэта наогул паўнацэнны будынак са сценамі, дзвярыма і сеткай замест вокнаў. Будаўніцтва навеса праводзіла ААТ «Рамбуд» г. Пружаны, і якасцю праведзеных работ кіраўніцтва ААТ «Жураўлінае» поўнасцю задаволена. Таму дадзеная арганізацыя такую ж канструкцыю ўзводзіць у сельгаставарыстве на МТК «Ляжайка».
У чым жа тут плюсы?
Па-першае, як адзначае намеснік дырэктара гаспадаркі па жывёлагадоўлі Юрый Русак, гэта клопат не толькі пра жывёл, але і пра тых, хто іх даглядае. На першым плане заўсёды павінны быць людзі. Пад дахам працаўнікам не страшны дождж і снег, заўсёды чыста і суха.

А што да насельнікаў? У доміках, дзе падсцелена сухая салома, гадуюцца цяляткі ва ўзросце ад нуля да трох месяцаў. Будынак разлічаны на 250 галоў, цяпер тут знаходзіцца 184. А гэта ж патэнцыяльны дойны статак. Які заклад цяпер зробіш, такую ў будучым аддачу атрымаеш.
Унутры пабудова абсталявана сцёкавай сістэмай і дзвюма каналізацыямі, праведзена электрычнасць. Сетка па перыметры дазваляе знутры выходзіць вуглякісламу газу, пры гэтым не прапускае дождж і снег, сцішвае парывы ветру, пры гэтым чыстага паветра для цялят паступае ў дастатковай колькасці.

Як наладжана работа з цялятамі, расказала памочнік начальніка комплексу Вольга Кавалевіч. Кормяць і падтрымліваюць чысціню два чалавекі. Ім дапамагаюць два самаходныя апараты для аўтаматычнага кармлення, адзін з якіх быў набыты зусім нядаўна.

На гэтым будаўнічыя работы на малочнатаварным комплексе не спыніліся. Вядзецца будаўніцтва кармакухні, дзе будуць размяшчацца два пастэрызатары, а таксама абсталяванне для мыйкі вёдзер і дэзынфекцыі. Самі згатавалі — самі і накармілі сваіх малых гадаванцаў.

І не трэба быць вялікім матэматыкам, каб рашыць задачу: хочаш мець стабільную вытворчасць — паклапаціся пра ўмовы і для гадаванцаў, і для тых, хто тут працуе.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік