Гэта само сабой зразумела, што трэба вельмі добра ўзважыць усе за і супраць пры выбары будучай прафесіі. Каб ногі пасля не цягнулі назад, дадому, а з радасцю ісці на працу, адчуваць задавальненне ад любімага занятку. Але і немалаважны элемент, калі размова ідзе пра першае працоўнае месца. Чаму? Ды ўсё таму, што табе працаваць у гэтым калектыве, падтрымліваць зносіны з людзьмі, вырашаць з імі пастаўленыя задачы, разам ісці да станоўчага рэзультату. А калі нічога не складзецца, застанешся сам-насам з праблемамі, будуць цябе абыходзіць бокам? Усякае можа здарыцца. Толькі не ў ААТ «Ружаны-Агра», дзе заўсёды рады маладым спецыялістам, усё пакажуць і раскажуць, нададуць упэўненасці ў сваіх сілах.
Як, напрыклад, у выпадку Марыі Русан і Ульяны Пашкевіч. Дзяўчаты ў пачатку чэрвеня прыйшлі на адпрацоўку ў сельгаставарыства на пасады ветэрынарных фельчараў і будуць адным цэлым з ім на працягу двух гадоў. Адразу адзначым, што ўжо цяпер маладыя спецыялісты адназначна заяўляюць: працаваць у гаспадарцы — за радасць, ты не адзін, вакол спагадлівыя людзі, адным словам, пануе атмасфера ўзаемаразумення і таварыскасці.
А што яшчэ трэба для шчасця? Грашовая падтрымка, дык выплацілі кожнай адразу пры працаўладкаванні. Свой куточак, калі ласка, пакоі ў інтэрнаце — толькі жыві і прынось карысць гаспадарцы. І стараюцца, як адзначае кіраўніцтва ААТ «Ружаны-Агра», усмешлівыя і мілавідныя Марыя і Ульяна выконваць усё якасна, не баючыся цяжкасцей. А каб набрацца вопыту, заўсёды гатова дапамагчы галоўны ветэрынарны ўрач сельгаставарыства Наталля Чайкоўская. Яна і параду слушную дасць, і падкажа выйсце са складанай сітуацыі, бо ў любым выпадку будуць з’яўляцца пытанні на першым часе, у кожнага з нас такое было. Рабочы графік таксама задавальняе.

А пачыналася ўсё… Канечне, з бязмежнай любові маладых спецыя-лістаў да ўсяго жывога на зямлі, жадання аддаваць сваю ласку братам нашым меншым, быць заўсёды з імі побач, бо яны ж таксама хварэюць, ім проста неабходна цёплае слова. А сказаць пра гэта яны не могуць, толькі вочы перадаюць усю радасць зносін з чалавекам. Наступны крок у выпадку ўраджэнкі г. Пружаны Марыі Русан — сканчэнне УА «Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж». І вялікі дзякуй дзяўчына перадае свайму дзядулі Івану Іванавічу Саўко, мудраму чалавеку, за слушную параду выбраць менавіта ААТ «Ружаны-Агра», гаспадарку трывалую і перспектыўную, дзе праходзіла і практыкі, а цяпер робіць першыя самастойныя крокі ў абранай прафесіі. Не прагадала на сто працэнтаў, яна нават за месяц стала сваёй на МТК «Бярэзніца». Улілася ў калектыў і, не варочае носам ад пахаў, бо займаецца любімай справай, да якой ішла з самага дзяцінства.

Для сланімчанкі Ульяны Пашкевіч спраўджваннем мары стала сканчэнне УА «Пінскі дзяржаўны аграрны тэхналагічны каледж». Ужо падчас вучобы дзяўчына ад выкладчыкаў неаднаразова чула пра ААТ «Ружаны-Агра» як развітае сельгаставарыства, таму вельмі абрадавалася, калі па размеркаванні трапіла менавіта сюды. Людзі шчырыя і добразычлівыя — так характарызуе Ульяна працаўнікоў гаспадаркі. І яны з душой прынялі маладога спецыяліста на МТК «Малочкі», адразу адгукаюцца на просьбы аб дапамозе, вераць у сілы дзяўчыны, бо яна ж па поклічы душы ў сельскай гаспадарцы.
Што чакае Ульяну і Марыю ў будучым? Пэўна, усё самае лепшае, што толькі можна ўявіць, бо другога і прадказаць такім чуллівым дзяўчатам немагчыма. Таму ў добры шлях, няхай вам ва ўсім спрыяе ўдача, заўсёды вочы ззяюць ад шчасця і задавальнення, што ўсё атрымліваецца належным чынам.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік
