Паразуменне ў сям’і – гэта аснова і зладжанай сумеснай работы. Як ніхто іншы, ведаюць гэта члены сямейных камбайнавых экіпажаў. Апошнія на палетках раёна даўно не рэдкасць. Ва ўборачнай кампаніі-2021 у ААТ «Ружаны-Агра» сёлета ўдзельнічае пяць такіх экіпажаў – на адзін больш, чым летась. Часцей за ўсё, у камбайнавую каманду ўваходзяць бацька і сын ці двое братоў. Але далёка не заўсёды. Іван Станіслававіч Вішнеўскі, напрыклад, выбраў у памочнікі дачку Ксенію…
Іван Вішнеўскі – работнік Даманаўскага лясніцтва, але ўжо з дзясятак гадоў падчас жніва мяняе спецыялізацыю і сядае за штурвал камбайна. Увесь гэты час шчыруе на палетках ААТ «Ружаны-Агра». Кажа, што такая работа зусім не надакучвае. «Хіба можа нешта параўнацца з пахам збожжа і бяскрайнімі прасторамі палёў, над якімі ты, дзякуючы магутным камбайнам, можаш уладарыць?» – задаецца, бадай што, рытарычным пытаннем Іван Станіслававіч.
Перадаць любоў да збожжавага палетка бацька вырашыў не каму-небудзь, а сваёй дачцэ. Ужо другі сезон Ксенія працуе памочнікам камбайнера. Да работы ставіцца з максімальнай адказнасцю. «Мая галоўная задача – сачыць за тым, каб пры ўборцы ўраджаю не было страт», — расказвае дзяўчына.
Шчыруе сямейны экіпаж на «Палессі GS 12». Камбайн новы, сёлета яму ўсяго пяць гадоў. У тым ліку і гэта служыць закладам добрага ўраджаю. На змену тандэм бацькі і дачкі заступае а сёмай раніцы, а вось вяртаюцца з поля ўжо ў прыцемках. Іван Станіслававіч і Ксенія шчыруюць каля Далкоў, Варанілавічаў, Калазубаў і іншых населеных пунктаў. Зараз убіраюць яравы ячмень.
Дарэчы, Ксенія Гайдук – навучэнка Ваўкавыскага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Асвойвае прафесію ветэрынара. Ужо праз год дзяўчына прыйдзе ў гаспадарку ў якасці маладога спецыяліста: яна навучаецца па мэтавым накіраванні ад ААТ «Ружаны-Агра». Але праца на камбайне, тым больш, побач з родным чалавекам, а яшчэ намалочаныя тоны збожжа і белыя буслы, якія штодзень суправаджаюць тэхніку, застануцца ў памяці дзяўчыны як мінімум да наступнага жніва.
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік.