Па завяршэнні ўборачнай кампаніі мы падводзім вынікі, будуем планы на будучае. А як жа, земляробу ўжо восенню трэба думаць пра ўраджай наступнага года. І гэты кругаварот паўтараецца на працягу жыцця тых, хто прысвяціў сябе працы ў галіне сельскай гаспадаркі. Нават само свята аграрыяў і работнікаў перапрацоўчай прамысловасці, якое прыпадае на трэцюю нядзелю лістапада, пацвярджае, што выхадных у поўным сэнсе гэтага слова аграрый і не мае. Ён, як ніхто іншы, ведае, што мінута гадзіну беражэ. Адпачыў дзень, адсвяткаваў — і зноў вяртайся да сваіх абавязкаў: ні зямля, ні жывёла чакаць не будуць і не могуць.

Думкамі пра тое, хто і што з’яўляецца рухаючай сілай у рабоце сельгаставарыства, падзяліўся дырэктар ААТ «Ружаны-Агра» Андрэй Бурдук:
— На маю думку, галоўным фактарам у дасягненні поспеху ў любой галіне сельскай гаспадаркі з’яўляецца чалавек. Ад сумленнасці, з якой ён выконвае свае абавязкі, у многім залежыць і вынік. І калі людзей, адданых сваёй справе, на прадпрыемстве большасць, то і рэзультат не прымусіць сябе чакаць, бо гэта ўжо не разрозненыя індывідуумы, а згуртаваныя адной ідэяй работнікі, адным словам, калектыў.

— Андрэй Міхайлавіч, як Вы лічыце, што патрэбна зрабіць, каб людзі былі зацікаўлены працаваць якасна, без агрэхаў?
— Заўсёды на першым плане для кіраўніцтва павінны быць работнікі, а не паказчыкі. Бо ў апошнім выпадку ты страціш той падмурак, які гэтыя паказчыкі з года ў год павышае, дае гаспадарцы прыбытак. Важна стварыць такія ўмовы працы, каб чалавек з жаданнем ішоў араць зямлю, карміць жывёлу, даіць кароў. І вось тут ужо важная заработная плата, якая ў любым выпадку ўплывае на настрой працаўніка. Прынёс дадому добрую плату за выкананую работу — і самому прыемна, і сям‘я задаволена. І гаспадарка павінна даць работніку магчымасць годна зарабіць, паказаць, што яго цэняць і паважаюць.

— А як у гэтым плане абстаяць справы ў ААТ «Ружаны-Агра»?
— Сцвярджаць, што ўсе працуюць ідэальна, не буду. Ды і, мусіць, няма такога сельгаставарыства, дзе б усе кіраваліся ў працы толькі імкненнем зрабіць як мага лепш. Але, з другога боку, у нас ёсць касцяк працаўнікоў, які надае ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, прымушае іншых ісці наперад, працаваць заўзята і з жаданнем. Так што скажу, што ў асноўным людзі стараюцца, і кіраўніцтва гэта падтрымлівае.
Калі гаварыць пра сярэднямесячную заработную плату, то па гаспадарцы на дадзены момант яна складае амаль паўтары тысячы рублёў (118 % да 2021 года). Канечне, лічба ўзята не на пустым месцы, бо заробкі толькі падводзяць рысу пад вынікамі працы ўсяго калектыву сельгаставарыства.

— А яны, як бачна, нядрэнныя…
— Напрыклад, тэмп росту валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах да папярэдняга года сёлета склаў 113 % (+19). Павысілася рэалізацыя малака — 107% да 2021 года, рэнтабельнасць якога складае +20,8 да мінулага перыяду. Сярэдні надой ад каровы складае 5445 кг, гэта на 373 кг больш, чым у 2021 годзе. Па вырошчванні буйной рагатай жывёлы і свіней гаспадарка таксама плюсуе.

Ды і ўраджайнасць парадавала: збожжавых і зернебабовых мы сабралі 49,2 ц/га (+17,5), бульбы — 361 (+109), рапсу — 30,9 ц/га (+12).
Яшчэ мы стараемся быць заўсёды ў курсе ўсіх падзей, звязаных з сельскай гаспадаркай. Часам гэта дае магчымасць знайсці новыя крыніцы збыту і папоўніць грашовую скарбонку нашага сельгаставарыства. Інакш нельга, бо час не стаіць на месцы, будзеш спаць у шапку, тады нехта знойдзецца спрытнейшы.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік
Шаноўныя работнікі ААТ «Ружаны-Агра», прыміце шчырыя віншаванні з прафесійным святам!
Сялянская праца паважаная, але і непамерна складаная. Яна патрабуе ад чалавека поўнай аддачы, упартасці, умення працаваць на перспектыву. Які б тэхнічны прагрэс ні крочыў па планеце, без сельскай гаспадаркі нават самаму сучаснаму чалавеку не пражыць.
Няхай работа не стамляе, надвор’е спрыяе, зарплата радуе, удача дапамагае, кожны дзень праходзіць пад лозунгам поспеху, выкананага плана і добрага настрою. Дзякуй вам за высакародную, нялёгкую, але вельмі патрэбную працу, за ваш прафесіяналізм, самааддачу, вернасць выбранай справе. Каб вашы сем’і жылі ў дастатку, любові і шчасці, а ў дамах панавалі мір і ўзаемаразуменне. Актыўнага даўгалецця і невычэрпнага здароўя!
Андрэй Бурдук, дырэктар ААТ «Ружаны-Агра»
