Среда, 19 февраля 2025

У ААТ «Роўбіцкае» ідзе вываз арганікі

577

У сельгаспрадпрыемствах раёна поўным ходам ідзе вываз арганікі на палеткі.

У ААТ “Роўбіцкае” таксама ведаюць, што без запраўкі глебы ўгнаеннямі немагчыма атрымаць высокі ўраджай любой культуры. Усе сілы, усе арганічныя сродкі, якія глеба летась выдаткавала на вырошчванне розных культур, патрэбна вярнуць ёй унясеннем арганікі. Тут стараюцца знайсці час і рэсурсы, каб выканаць гэты від работ у адпаведныя тэрміны. Штодзённа ў гаспадарцы задзейнічаны вопытныя механізатары, якія працуюць хутка і арганізавана.

Падчас нашага наведвання сельгаспрадпрыемства работа ў гэтым напрамку не спынялася. Намеснік дырэктара Аляксандр Пілюцік паведаміў, што патрэбна вывезці 21000 тон арганічных угнаенняў. На той момант было ўжо вывезена 16900 тон, або 80,5 % ад запланаванага. Гэта дае падставу меркаваць пра тое, што землі гаспадаркі пад веснавую сяўбу атрымаюць паўнавартасную запраўку, а значыць, дадуць добры ўраджай — і добры прыбытак для самога ААТ “Роўбіцкае”.

Дарэчы, на 1 га патрэбна 80-100 тон угнаення, каб глеба была рыхлай, пажыўнай, утрымлівала вялікую разнастайнасць карысных глебавых арганізмаў, якія паспяхова супрацьстаяць патагеннай мікрафлоры.

Вадзіцель ААТ «Роўбіцкае» Юрый Папко.

На вывазцы арганікі ў сярэднім задзейнічана пяць адзінак тэхнікі. Гэтага дастаткова, каб работа выконвалася своечасова, не было прастояў. Карэспандэнты заспелі на палетку, недалёка ад аг. Роўбіцк, вадзіцеля аўтамабіля “МАЗ 5516” Юрыя Папко, які адпрацаваў у гаспадарцы больш за 30 гадоў.

Юрый Мікалаевіч расказаў, што за дзень робіць 15-20 рэйсаў, зыходзячы з адлегласці ад пункта загрузкі да палетка. Перавозіць за адзін раз каля 20 тон.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік