Понедельник, 16 сентября 2024

У ААТ «Радзіма» дзеці работнікаў цяпер атрымліваюць падарункі не толькі на Новы год, але і на дзень нараджэння

561

У чым наша шчасце? Не памылюся, калі за большасць беларусаў адзначу — гэта нашы дзеткі, якія даюць нам веру ў светлую будучыню, працяг роду нашай нацыі. Ды і дзеля каго нам жыць, калі не дзеля іх, самых любімых, непаўторных, галоўнае, сваіх, самых лепшых у свеце!? Бо менавіта яны, гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі, з цягам часу будуць развіваць родную Беларусь, умацоўваць яе пазіцыі на сусветных прасторах і проста жыць у квітнеючай краіне, атрымліваючы ад жыцця асалоду і задавальненне.

А яшчэ можна дадаць да вышэйсказанага, што для дзяцей увагі многа не бывае. Чым больш яны атрымліваюць пяшчоты і любові, тым больш будуць старацца быць сапраўднымі людзьмі, памочнікамі бацькам, патрыётамі сваёй малой старонкі, увогуле нашай самай прыгожай і адзінай Радзімы.

Ніхто, канечне, не адмаўляе, што самым галоўным прыкладам для сынкоў і дачушак з’яўляюцца іх бацькі, якія павінны даць сваім дзеткам шчаслівае дзяцінства, узнёслае юнацтва і ўпэўненую сталасць, калі ты проста адчуваеш, што цябе заўсёды чакаюць у родным доме тата з мамай, падтрымліваюць і жадаюць моцнага здароўя і самага шчаслівага жыцця.

І гэта правільна, згаджаецца дырэктар ААТ «Радзіма» Дзяніс Кулеша, дарэчы, шматдзетны тата. Але калі часцінку клопату дзецям прыкладае і арганізацыя, дзе працуюць іх бацькі, то гэта толькі надае хлопчыкам і дзяўчынкам упэўненасці ў тым, што яны ніколі не будуць адны ў гэтым свеце, заўсёды нехта дапаможа ў цяжкую мінуту, скажа ласкавае і суцяшальнае слова.

Таму і падтрымалі ў калектыве гаспадаркі пачынанне Дзяніса Антонавіча, каб дзяцей да 16 гадоў работнікаў сельгаставарыства віншаваць з днём нараджэння з пачатку бягучага года, дарыць ім падарункі, прыемныя эмоцыі ад каторых будуць ім напамінкам: добра жыць можна і на вёсцы, будаваць сямейнае гняздо і ведаць, што іх дзеці, жывучы на месцы, таксама будуць шчаслівыя ў сваім дзяцінстве. Адным словам, быць патрэбным куды прасцей там, дзе нарадзіўся, дзе ведаеш кожнага і цябе ўсе рады бачыць. Бо ў родным доме і сцены дапамагаюць, дыхаецца на поўныя грудзі, тут ты свой, што зусім не малаважна.

Падарункі для Дар’і Каракінай.

За студзень і пачатак лютага святкавалі свой дзень нараджэння шэсць дзяцей, якія ўжо атрымалі свае падарункі ад ААТ «Радзіма». А ўсяго дзетак працаўнікоў прадпрыемства за год плануецца павіншаваць каля 60. На мінулым тыдні з нагоды дня нараджэння віншаванні прымала Дар’я Каракіна, вучаніца 8 класа Магілявецкай СШ. Матуля яе Юлія Іванаўна працуе ў гаспадарцы аператарам машыннага даення, а бацька Міхаіл Валер’евіч — механізатарам. Ад душы жадаў імянінніцы Дзяніс Кулеша моцнага здароўя, цікавых знаёмстваў па жыцці, лёгкай і займальнай вучобы і, канечне, быць паслухмянай дачушкай для сваіх бацькоў.

Ніводнае дзіця не будзе забыта. Нават тыя, хто зусім не па сваёй волі апынуўся ў прытулку. Ім жа цяпер вельмі патрэбна самая простая ўвага, шчырая ўсмешка, сардэчная цеплыня, хоць, на жаль, і не бацькоўская. Усе мы ўпэўнены, што ў вас, дарагія дзеткі, таксама будзе светлы жыццёвы шлях і шчаслівая будучыня.

Не трэба баяцца праяўляць чуласць у адносінах да іншага чалавека, аддаваць часцінку сябе другому. Гэта не загана, а наадварот, так вы паказваеце сваю сапраўдную чалавечую сутнасць. А яшчэ дарыць шчасце намнога прыемней, чым яго прымаць, асабліва калі размова ідзе пра дзяцей.

Вадзім Раўнейка.

Фота Кацярыны Масік