Пятница, 14 февраля 2025

У ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» ідзе ўборка кукурузы на зерне

352

Жывёлаводы добра ведаюць, што, дзякуючы высокаму ўтрыманню крухмалу, які павольней расшчапляецца ў страўніку буйной рагатай жывёлы, зерне кукурузы можна і патрэбна выкарыстоўваць у рацыёне рагуль. А гэта ж яшчэ і адзін з асноўных прадуктаў-пастаўшчыкоў энергіі для БРЖ. Дый згадзіцеся, рознабаковы рацыён у любым выпадку дасць большы эфект, чым кармленне адным сенам ці сенажом.

Штогод большасць сельгаставарыстваў Пружаншчыны вырошчвае кукурузу на зерне. На чацвер бягучага тыдня ўбралі яе на 1567 га пры плане 1812 га, што складае 86%. Сабралі 12924 тоны. Што да ўраджайнасці, то па раёне яна складае 82,5 ц/га.

У ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» плошчы пад кукурузу на зерне не самыя вялікія — 78 га, але тут больш увагі ўдзяляюць не колькасці, а якасці. Пакуль тут збіраюць неблагі ўраджай — 115,3 ц/га. Між іншым, як заўважае галоўны аграном гаспадаркі Галіна Пятрань, у сельгаставарыстве выкарыстоўваюцца толькі беларускія сарты кукурузы: «палескі 130» і «ладага» — для сіласу і «палескі 212» — на зерне. З 40 га ад агульнай плошчы зерневы ўраджай ідзе на корм буйной рагатай жывёлы ў выглядзе камбікорму, што станоўча ўплывае на надоі і на стан здароўя статка. Калі хочаш бачыць рэзультат, патрэбна заўсёды вар’іраваць у рабоце, шукаць новыя падыходы ў працы, бачыць у жывёле, у першую чаргу, не спосаб даходу, а жывую істоту з яе патрэбнасцямі і нават настроем.

Акрамя таго, райаграсэрвіс з астатніх 38 га поўнасцю ўбраў кукурузу на насенныя мэты, ураджайнасць пачаткаў склала 117,9 ц/га, сабралі 448 тон.

Наўрад ці хто скажа, што ў сельскай гаспадарцы мала клопатаў. Яны ёсць усюды і ва ўсім. Але самае галоўнае, што людзі стараюцца, працуюць, а значыць, бачаць будучае сваё і роднага сельгаставарыства.

На здымках: дырэктар ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» Антон Грышкевіч на кукурузным палетку каля вёскі Крыніца; камбайнер Віктар Баранчук і вадзіцель Віктар Мардань.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік