Кожнае сельгаставарыства раёна, размяркоўваючы свае зямельныя плошчы пад сяўбу будучага года, немалаважным лічыць, які прыбытак атрымае ад той ці іншай культуры. У ААТ «Мурава» ўжо не першы год асаблівую ўвагу надаюць цукровым буракам. Тэхнічная культура хоць і вельмі патрабавальная ў працэсе вырошчвання, але для гаспадаркі выгадная ў грашовым плане. У мінулым годзе пад цукровымі буракамі ў ААТ «Мурава» было занята 157 гектараў, валавы збор склаў 11391 тону пры ўраджайнасці 725,5 цэнтнера з гектара. Гэта, зразумела, не мяжа, і сёлета мяркуюць перасягнуць гэты паказчык.
— Каб атрымаць паўнацэнны ўраджай гэтай тэхнічнай культуры, — тлумачыць галоўны аграном таварыства Сяргей Сцяпанаў, — патрэбна не толькі дакладна прытрымлівацца агратэхналогіі і выбіраць якасную пасяўную тэхніку, але і аператыўна рэагаваць на самыя малыя змяненні надвор’я. Важным з’яўляецца і выбар зямельных плошчаў, на якіх высяваюцца цукровыя буракі, бо яны ў гэтым плане таксама вельмі патрабавальныя. Калі ўсё гэта выконваць, тады можна разлічваць на добры ўраджай.
На гэтым тыдні падчас прыезду карэспандэнтаў работнікі ААТ «Мурава» пачалі сяўбу цукровых буракоў на палетку непадалёк ад аднайменнага аграгарадка. Сёлета вырашылі павялічыць плошчы пад гэтую культуру, яны будуць складаць 200 га.
Як мы ўпэўніліся, гэта працэс даволі складаны і працаёмкі. Першапачаткова, непасрэдна перад сяўбой, уносяцца азотныя ўгнаенні, бо інакш яны не дадуць патрэбнага эфекту. У сярэднім на 1 га расходуецца 2 цэнтнеры ўгнаення. Гэтую работу выконваў Алег Дронь, які на трактары «Беларус 1221» з агрэгатам «РМД-8» уносіў угнаенні ў глебу.
Пасля за справу бярэцца Валерый Саўчук, які адпрацаваў у гаспадарцы больш за 30 гадоў. На энерганасычаным трактары «Беларус 3522», які набылі ў гэтым годзе, вясной, пры дапамозе агрэгата «КШП-8» ён праводзіць перадпасяўную культывацыю.
Наступным этапам з’яўляецца выраўноўванне зямлі для таго, каб сяўба прайшла на самым высокім узроўні, без лішніх перашкод. Гэтую важную справу даверылі, па словах галоўнага агранома, маладому, але вельмі працавітаму механізатару Андрэю Улезлу, якому ў таварыстве не баяцца даручаць самыя складаныя ўчасткі работы на зямлі. За Андрэем замацаваны трактар «Беларус 3022», а для правядзення адпаведнай работы быў падчэплены агрэгат «АКШ-7,2».
І непасрэдна сяўбой на трактары «Беларус 922» займаецца ўжо вядомы па ранейшых публікацыях Іван Карунас, які для гэтага мае вялікі практычны вопыт. Бо вынік па восені ў многім залежыць ад таго, як будзе праведзена пасяўная. Для гэтага выкарыстоўваецца механічная сеялка «МЕGА V4», якая дае магчымасць адначасова і падкормліваць насенны матэрыял фосфарным угнаеннем. Як расказаў нам механізатар, за дзень засяваецца плошча ў 20-25 га. Гэта значыць, што плошча ў 200 га пры аптымальным надвор’і будзе засеяна прыблізна ў 10-дзённы тэрмін. Пасля застанецца толькі чакаць выніку.
На пытанне, які сорт пасяўнога матэрыялу выкарыстоўваюць, галоўны аграном Сяргей Сцяпанаў адказаў, што на дадзены момант у сеялку засыпаецца гібрыд «марына» беларуска-сербскай вытворчасці, які раней паказаў добрую цукрыстасць. Але, як адзначыў Сяргей Сяргеевіч, гэта не значыць, што гаспадарка не будзе выкарыстоўваць новы насенны матэрыял, бо вытворчасць не стаіць на месцы і, магчыма, у будучым з’явяцца іншыя гібрыды, больш прадукцыйныя.
Гледзячы на буракаводаў ААТ «Мурава», з’яўляецца ўпэўненасць, што ўсё атрымаецца і, дзякуючы і іх старанням, на нашых сталах заўсёды будзе той прадукт, які так ці інакш падсалоджвае наша жыццё.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік