Воскресенье, 20 апреля 2025

ААТ «Мурава»: да ўборачнай кампаніі падрыхтаваліся

637

Жніво сёлета стартавала раней звычайнага. Але ці не паўплывала гэта на гатоўнасць тэхнікі? Ці паспелі як след падрыхтаваць збожжаўборачныя камбайны і зернесушыльныя комплексы? Ці на патрэбным узроўні забяспечана ахова працы пры выкананні сельскагаспадарчых работ?

Падобныя пытанні ў ААТ «Мурава» ніколі не адкладваюць «на потым». Кіраўніцтва гаспадаркі добра разумее, што папярэдняя падрыхтоўка дасць магчымасць не прастойваць падчас уборкі, калі кожная гадзіна на вагу золата. І падчас прыезду мы ў гэтым упэўніліся.

Тэхагляд, які прайшоў 15 чэрвеня, паказаў, што тэхніка поўнасцю гатова да жніва. Была праведзена герметызацыя камбайнавых вузлоў, каб пазбегнуць страт ураджаю, пройдзена праверка на надзейнасць ушчыльняльнікаў. Кожны камбайн мае запасны камплект дэталяў, аснашчаны вогнетушыцелем і аптэчкай хуткай медыцынскай дапамогі.

Галоўны інжынер Юрый Лашкевіч абмяркоўвае рабочыя пытанні з інжынерам Аляксандрам Карунасам.

Па словах галоўнага інжынера таварыства Юрыя Лашкевіча, не пакінуты па-за ўвагай і непасрэдныя ўдзельнікі жніва: камбайнеры і іх памочнікі забяспечаны спецадзеннем і мыйнымі сродкамі.

Праведзена гутарка з работнікамі наконт аплаты працы падчас уборкі, гэта таксама стымулюе іх працаваць на вынік. У гаспадарцы таксама прысутнічае натуральная сістэма заахвочвання, што для жыхароў сельскіх населеных пунктаў вельмі актуальна. Распрацаваны ўмовы спаборніцтваў сярод вадзіцеляў і камбайнераў на ўборцы ўраджаю-2022.

Юрый Міхайлавіч паведаміў, што ў сёлетнім жніве будзе задзейнічана шэсць камбайнаў — «Джон-Дзір», «КЗС 10-К» і чатыры «КЗС 1218». Тэхнікі хопіць, каб з уборкай справіцца самастойна і ў вызначаныя тэрміны. Застаецца спадзявацца на надвор’е, каб і яно вытрымала гэты час.

Галоўны аграном Сяргей Сцяпанаў робіць агляд палетка азімага трыцікале.

Галоўны аграном сельгаставарыства Сяргей Сцяпанаў, якога карэспандэнты заспелі на палі азімага трыцікале каля аг. Мурава, паведаміў, што падчас сёлетняй уборкі гаспадарцы патрэбна будзе ўбраць 890 га азімых збожжавых.

У мінулыя гады жніво пачыналі з азімага рапсу, але на сённяшні дзень плануюць гэтую работу пачаць менавіта з азімых збожжавых, бо яны хутчэй выспеюць. Што да іншых сельгаскультур, то яны размясціліся на палетках ААТ «Мурава» наступным чынам: яравыя ячмень — 280 га, зернебабовыя — 170 га, авёс — 50 га, азімы рапс — 250 га.

І тут трэба напомніць, што таварыства займаецца вырошчваннем элітнага насення як для сваіх патрэб, так і на продаж. Таму тут стараюцца высяваць толькі тыя сарты, якія могуць даць добры ўраджай, а значыць, і прыбытак. Калі гаварыць пра азімы трыцікале, то тут аддаюць перавагу элітным сартам «імпульс» і «блага 16». Перспектыўным лічыцца гатунак «вусце», на які ў гаспадарцы робяць у будучым стаўку, мяркуючы ім замяніць «імпульс». Па пшаніцы пераважаюць элітныя «элегія», «гірлянда». Сорт пшаніцы «амелія» вырошчваюць больш на рэалізацыю (мінулагодняя ўраджайнасць яго склала 70 ц/га). Ячмень элітных сартоў «аванс», «куфаль» і «калдун» тут — на першым месцы з-за высокага ўтрымання бялку.

Кожнае сельгаставарыства стараецца перавысіць ураджайнасць мінулага года. Гэта ўжо як закон жыцця, якое не стаіць на месцы, а пастаянна абнаўляецца, патрабуе новых ідэй і перамог. Няхай гаспадарцы «Мурава» сёлетняе жніво прынясе новую вікторыю і ўпэўненасць у сваіх сілах.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік