Урадам Беларусі зацверджаны меры па падрыхтоўцы да палявых работ, стварэнні трывалай кармавой базы і ўборцы ўраджаю ў 2023 годзе. Гэта прадугледжана Пастановай Савета Міністраў № 973 ад 30 снежня 2022 года. Згодна з дакументам, сельгаставарыствы павінны забяспечыць вытворчасць усіх відаў кармоў у разліку на адну ўмоўную галаву БРЖ для стойлавага ўтрымання ў аб’ёме не менш за 38 ц кармавых адзінак. Таксама патрэбна забяспечыць закупкі 710 тыс. тон дызельнага паліва, 58 тыс. тон бензіну і 28,7 тоны маторных маслаў і змазак. Акрамя гэтага, да 25 сакавіка павінны быць прыняты меры па забеспячэнні гатоўнасці не менш за 95 % сельгастэхнікі для правядзення вясенніх палявых работ.
Зразумела, што гэта агульныя лічбы па краіне. А за імі стаіць карпатлівая і адказная праца слесараў, механізатараў і вадзіцеляў кожнай з гаспадарак у падрыхтоўцы сельскагаспадарчай тэхнікі да пасяўной кампаніі і ў наступным да ўборкі ўраджаю. І ў дадзенай рабоце не можа быць пралікаў і неахайнасці, бо не за гарамі час, калі гэтая тэхніка выйдзе на палеткі. А вясенні дзень, як вядома, год корміць.
Некаторыя сельгаставарыствы раёна ўжо сёння на 100 % падрыхтавалі агрэгаты для глебаапрацоўкі, унясення ўгнаенняў і сяўбы. Сярод такіх можна назваць і ААТ «Мурава». Па словах галоўнага інжынера гаспадаркі Юрыя Лашкевіча, кожны, хто задзейнічаны на рамонце тэхнікі, сур’ёзна адносіцца да гэтага працэсу, разумее, што дробязей у такой справе быць не павінна. Плугі, культыватары, дыскавыя бароны, сеялкі, раскідвальнікі ўгнаенняў адрамантаваны і чакаюць свайго часу.
— Мы гатовы да таго, каб у пару пачаць пасяўную і завяршыць яе ў агратэхнічныя тэрміны, — адзначае Юрый Міхайлавіч.
На чарзе тэхагляд трактароў, які запланаваны ў ААТ «Мурава» на 10 лютага. І галоўны інжынер запэўніў журналістаў, што на гэтую дату рамонт тэхнікі будзе закончаны. Дарэчы, праблем з набыццём патрэбных запасных частак у сельгаставарыстве няма, усё набываецца своечасова і па неабходнасці, пры гэтым на складзе заўсёды ёсць самыя запатрабаваныя дэталі.
Не застаецца па-за ўвагай і тэхнічны стан аўтамабіляў. Вадзіцелі стараюцца пры неабходнасці правесці касметычны рамонт тэхнікі, памяняць дэталі, якія ўжо выкарысталі свой рэсурс, каб у далейшым папярэдзіць непажаданыя паломкі.
Дарэчы, працаёмкай рабоце па падрыхтоўцы да палявых работ папярэднічалі распрацоўка і зацвярджэнне праграмы і графіка рамонту тэхнікі, мерапрыемствы па забеспячэнні здаровых і бяспечных умоў працы, падрыхтоўка рамонтна-тэхнічнай базы ў зімовых умовах. Былі зацверджаны ўмовы аплаты працы работнікаў, занятых падрыхтоўкай сельскагаспадарчай тэхнікі. Уся неабходная інфармацыя размешчана на стэндзе непасрэдна ў майстэрнях, адразу бачна, што стаіць у чарзе на рамонт і колькі грошай заробіш.
У жыцці галоўнае не тое, кім ты працуеш, а як ты спраўляешся са сваімі абавязкамі і ці не разыходзяцца ў цябе словы са справай. Гледзячы на працаўнікоў ААТ «Мурава», можна сказаць, што гэтыя людзі адданыя сваёй справе і кожны знаходзіцца на сваім месцы. З такім калектывам можна смела будаваць планы і павышаць эканамічныя паказчыкі таварыства з года ў год.
Вадзім Раўнейка. Фота Юліі Янушка