Понедельник, 16 сентября 2024

У ААТ «Мурава» для кароў арганізуюць кругласутачны выпас

311

Свежае паветра нікому не пашкодзіла. А сапраўды, хто ж адмовіцца абмяняць кабінетнае крэсла на ўлонне прыроды з прыгожымі і духмянымі кветкамі, рознакаляровымі матылькамі і неўгамонным шчэбетам шматлікіх птушак?! Гэта ж усё сапраўднае, непаўторнае, адвечнае!

Так і жывёлы. Напрыклад, рагулям куды прыемней знаходзіцца на пашы, чым на комплексе ці ферме. Тым больш, калі размова ідзе пра кругласутачны выпас, падчас якога жывёлы папраўляюць здароўе, прымаюць сонечныя ванны. На Пружаншчыне такі метад догляду кароў выкарыстоўваюць чатыры гаспадаркі: філіял «Аграэнерга-Зеляневічы» РУП «Брэстэнерга», ААТ «Пружанскае», «Пружанскі райаграсэрвіс» і «Мурава». Агульная колькасць складае 1281 галаву буйной рагатай жывёлы.

На палетку каля вёскі Чапялі выпасваецца кругласутачна 200 кароў з МТФ «Мурава». Пра тое, як наладжаны працэс, расказала галоўны заатэхнік гаспадаркі Вольга Кавелька:

— Выкарыстоўваецца шматкампанентная паша. Вельмі важна своечасова падкошваць на ёй траву: травастой становіцца больш густым, дзякуючы чаму памяншаецца выпарэнне вільгаці ў спёку, павышаецца прадукцыйнасць пашы. Праўда, год сёлетні ўнёс свае карэктывы: з-за халоднага надвор’я давялося пачакаць з гэтай работай, бо трава не паспела б да выпасу нармальна адрасці. Наогул жа плануецца аздараўляць кароў да сярэдзіны верасня.

— Калі закранулі тэму здароўя, раскажыце, калі ласка, якія перавагі пашавага ўтрымання перад стойлавым?

— Луг — ідэальны лекар капытнай гнілі, гэта вам не на цэменце стаяць, а на духмянай траве. Падчас пашавага сезона паляпшаецца ўзнаўленчая функцыя жывёл, праўда, тут немалаважную ролю адыгрывае і работа асемянатара. Паўнацэнны зялёны корм разам са свежым паветрам і сонейкам умацоўваюць імунітэт кароў. Адпаведна, лепшымі становяцца паказчыкі вытворчасці малака, зніжаецца сабекошт прадукцыі. Дарэчы, рагулям даюць і канцэнтраты ў разліку 2 кг на галаву. Яны абагачаюць рацыён буйной рагатай жывёлы бялком, вітамінамі, мікра- і макраэлементамі.

— Вольга Міхайлаўна, давайце крышку падрабязней пра малако.

— Даенне праводзіцца два разы: у 6 гадзін раніцы і ў 17 вечара. Даяркі дастаўляюцца на палетак транспартам гаспадаркі. Падчас даення выконваюцца ўсе санітарна-гігіенічныя нормы, у тым ліку апрацоўваецца вымя кароў.

Усё малако здаецца класам «экстра», таварнасць складае 92 %. Ад адной каровы ў суткі надойваем 22,3 кг, што складае +700 г да мінулага года. За год МТФ «Мурава» з улікам летняга ўтрымання буйной рагатай жывёлы на пашы плануе выйсці на паказчык у 7100 кг. Згадзіцеся, годная лічба, і тут, канечне, ніяк не абысціся без чалавечага фактару, дружнага калектыву фермы.

— Дарэчы, пра людзей. Без іх жа выпас не абыходзіцца?

— Хоць і выкарыстоўваем электраагароджу, але пастух патрэбны ў любым выпадку. Асноўная яго задача — перагон статка на новы загон па меры з’ядання травы. Каровы пераганяюцца кожную гадзіну — восем разоў за дзень, дзявяты — падчас даення і дзясяты — на начлег (ён шырэйшы, для зручнасці паўнацэннага сну рагуль). Атрымліваецца, што за дзень каровы з’ядаюць траву на плошчы ў 2,5 га.

Мы пагутарылі і з пастухом Сяргеем Ленкаўцом, які наглядае за рагулямі ўжо 20 гадоў.

Ці задаволены ён умовамі працы? А чаму б і не! Заработная плата ў сярэднім 2000 рублёў, не забываюць у ААТ «Мурава» і пра смачныя і каларыйныя абеды. Ёсць вагончык, дзе можна перакусіць, схавацца ад дажджу ці спякотнага сонца. Што тычыцца абавязкаў, то Сяргей Мікалаевіч да слоў галоўнага заатэхніка дадае, што пастух павінен сачыць за тым, каб не парвалі каровы электраагароджу, каб былі вада і соль у жывёлы, падчас даення падганяе кароў у стойла. А асноўнае месца працы Сяргея Ленкаўца — жывёлаводам на гэтай жа ферме.

Усё жывое любіць клопат і ласку, гэты крытэрый дае магчымасць разлічваць на адпаведную аддачу. Як бачым, у ААТ «Мурава» стараюцца знаходзіць розныя варыянты догляду буйной рагатай жывёлы. Гэта ў выніку і прыносіць свой плён.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік