Як ужо расказвала «раёнка», гаспадаркі Пружаншчыны актыўна прыступілі да азімай сяўбы. Большасць сельгаставарыстваў ужо асвоіла палеткі з азімым рапсам, сёлета пад гэтую сельскагаспадарчую культуру ў раёне адведзена 6000 га. У ААТ «Агра-Калядзічы» з гэтай работай справіліся аднымі з першых — засеяна 480 га. Усяго ж пад сяўбу азімых зерневых на зерне ў гаспадарцы патрэбна падрыхтаваць 1350 га (на час падрыхтоўкі гэтага матэрыялу, 25 жніўня, было ўбрана 30% да плана).
Але ж гэтай рабоце папярэднічае іншая — уборка саломы, і яна не менш важная. Бо гэта, у першую чаргу, асноўны подсціл для буйной рагатай жывёлы, а значыць, немалаважны фактар якасці і колькасці малака.
У ААТ «Агра-Калядзічы» работа ў гэтым накірунку не спынялася з пачатку жніва, працягваецца яна і цяпер. Рапсавая салома ўбрана поўнасцю (з 460 га), не за гарамі «кветка» на зерневай — на 25 жніўня было ўбрана яе 93,5% (план — 1740 га).
Салома адразу складзіруецца ў сцірты для лепшага захоўвання і зручнасці выкарыстання. Тры з іх склалі каля МТФ «Калядзічы-1» для подсцілу. Запасу павінна хапіць жывёлаводам гэтай фермы да наступнага года.
Дарэчы, у сельгаставарыстве частку саломы здрабняюць і дабаўляюць у рацыён буйной рагатай жывёлы — гэта крыніца энергіі для жвачных жывёл.
Складваць рулоны — справа не такая і лёгкая, ды і хуткасць тут не на апошнім месцы. Таму на гэтай рабоце ў сельгаставарыстве задзейнічаны вопытны механізатар, які адпрацаваў у гаспадарцы 27 гадоў, Яўген Карпыза. Ён на пагрузчыку «Маніту» віртуозна складвае рулоны ў сцірты, а калі трэба, то займаецца і пагрузкай. За дзень Яўгену ўдаецца скласці адну сцірту, а вадзіцелю «МАЗа» Аляксею Лаптановічу зрабіць прыблізна 7-10 рэйсаў.
Салому склалі — малайцы! Наступным этапам перад сяўбой азімых ідзе падкормка палеткаў. Ва ўрочышчы Касіншчына мы пабачылі, як механізатар Віктар Аліфярук уносіў калійныя ўгнаенні на трактары «МТЗ 1221» з раскідвальнікам «Амазон». На падвозе ўгнаенняў быў задзейнічаны на «МАЗе» вадзіцель Дзмітрый Дзенісейка. Заўважым, падчас такой работы ўсе яе ўдзельнікі забяспечаны сродкамі індывідуальнай абароны.
Зладжаная работа ўсяго калектыву ААТ «Агра-Калядзічы» дае падставы меркаваць, што гаспадарка справіцца з пастаўленымі задачамі і зробіць добры заклад на будучы ўраджай.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік