Вторник, 23 июля 2024

У ААТ «Агра-Калядзічы» ведаюць: каб была аддача, спачатку трэба прыкласці намаганні

436

Па жывёлагадоўчым календары зімовы перыяд пачынаецца з першага кастрычніка. Да гэтага часу патрэбна завяршыць усе работы па падрыхтоўцы фермаў і комплексаў раёна да пачатку перыяду. Для гаспадарак час – грошы, якія ў значнай колькасці вымяраюцца «малочнымі» літрамі. І каб не знізіць паказчыкі, забяспечыць жывёлам належныя і камфортныя ўмовы, неабходна актыўна праводзіць работу па ўцяпленні памяшканняў, рамонце сістэм вентыляцыі, аконных і дзвярных праёмаў, добраўпарадкаванні тэрыторый.

Слесар па абслугоўванні даільнага абсталявання Уладзімір Каган

Фронт работы не малы. Але ў сельгаставарыствах разумеюць: каб была аддача, спачатку трэба прыкласці для гэтага намаганні, так сказаць, стварыць камфорт і для буйной рагатай жывёлы, і для людзей, якія працуюць на фермах і комплексах. Не ўпускаюць з-пад увагі дадзенае пытанне і ў ААТ «Агра-Калядзічы». Напрыклад, на малочнатаварным комплексе «Калядзічы» на 1100 галоў дойнага статка да зімоўкі падрыхтаваліся загадзя, устаранілі ўсе недахопы. У любым жа выпадку такая работа праводзіцца для сябе, а недзе нават для прэстыжу гаспадаркі. Клопат аб людзях, пра што не раз гаварыў і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, павінен быць у прыярытэце ў кіраўніцтва любых прадпрыемстваў.

На комплексе цёпла і суха. У такіх умовах і працаваць прыемна. Тут ёсць душавая, раздзявалка, пакой прыёму ежы, дзе заадно можна адпачыць з задавальненнем на мяккай канапе. У свой час была набыта пральная машынка для мыцця рабочага адзення, якім забяспечаны ўсе работнікі малочнатаварнага комплексу.

Усё гэта ў сплучэнні з добрай кармавой базай паказала добры вынік у вытворчасці малака, якога за 11 месяцаў бягучага года тут атрымана 8888 тон (+437 тон да адпаведнага перыяду мінулага года). Ад адной каровы было надоена 8214 кг, а гэта +410 да ўзроўню мінулага года. Дарэчы, па гаспадарцы сярэдні надой ад рагулі складае 7780 кг. Таварнасць – 94,1 %. Амаль усё малако здаецца гатункам «экстра» – 99,3 %.

Аператары машыннага даення Наталля Драпко, Наталля Зыбіна і
Любоў Тамашук

Канечне, куды прыемней, калі прыведзеныя лічбы перавесці ў заработную плату. А яна па комплексе годная, што таксама станоўча ўплывае на канчатковы рэзультат.

Нездарма ж кажуць: разам мы зможам многае. Чыстая праўда. Толькі б усё было на карысць як роднай старонцы, так і сабе.

Вадзім Раўнейка, фота Кацярыны Масік