Напрыканцы мінулага тыдня віншаванні прымалі першыя камбайнеры-тысячнікі, якія працуюць у ААТ «Жураўлінае».
Павіншаваць першых герояў жніва, а гэта старшы камбайнер Мікалай Бірук і камбайнер Міхаіл Фядотаў, прыехалі старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, яго першы намеснік — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Глушко, дырэктар ААТ «Жураўлінае», член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Пішч, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Вольга Зубкова, намеснік дырэктара ААТ «Жураўлінае» па ідэалагічнай рабоце Зінаіда Усік.
Калі пачынаецца жніво, то думкі накіраваны на адно — якасна правесці яго. Нашы аграрыі гэта ўмеюць. На палетку, дзе віншавалі першых тысячнікаў, ураджай быў значны. Па словах Аляксандра Пішча, у гаспадарцы ёсць асобныя ўчасткі, на якіх атрымліваюць па 100 цэнтнераў з гектара.
Звяртаючыся да герояў дня, Міхаіл Грышкевіч адзначыў, што, дзякуючы добрай рабоце тэхнолагаў-раслінаводаў, якія аддана працуюць, атрымалася вырасціць добры ўраджай зерневых культур. А камбайнеры стараюцца яго ўбраць без страт.
Міхаіл Міхайлавіч павіншаваў герояў жніва і выказаў упэўненасць, што гэтая тысяча тон намалочанага зерня будзе ў экіпажа не апошняя. Пажадаў Мікалаю і Міхаілу моцнага здароўя, сямейнага шчасця і дабрабыту.
Са словамі віншаванняў да Мікалая Бірука і Міхаіла Фядотава таксама звярталіся Сяргей Глушко і Аляксандр Пішч.
Віншаванні таксама прымаў і малады вадзіцель Яўген Лепчанка, які перавёз больш за тысячу тон зерня. Дарэчы, ён у гаспадарцы другі малады вадзіцель-тысячнік.
Героі жніва атрымалі падарункі ад прафсаюза работнікаў АПК і прафкама гаспадаркі.
А як жа без добрай песні? Яе нашым хлебаробам падарылі артысты аўтаклуба.
Віктар Ільюшчанка.
Фота аўтара