«Добры дзень, паважаная рэдакцыя! Газету «Раённыя будні» мы выпісваем і чытаем шмат гадоў…»
Менавіта з гэтых слоў пачынаецца большасць пісьмаў, накіраваных у рэдакцыю ў рамках сёлетняга чытацкага апытання. Але, здаецца, падабенства — толькі ў адданасці газеце, шчырых пажаданнях, адрасаваных калектыву. Прапановы, якімі, як вы памятаеце, мы папрасілі падзяліцца, у кожнага свае. Як і густы, і прыхільнасці розных людзей.
Калі мы прапанавалі чытачам выказаць свае заўвагі і меркаванні наконт газеты, крыху хваляваліся: здавалася, што атрымаем у асноўным негатыўныя выказванні або простыя адпіскі. А атрымалі шмат цёплых слоў і канструктыўных прапаноў, якія, спадзяёмся, стануць штуршком да дзеяння для журналістаў, дапамогуць зрабіць нашу і вашу газету больш цікавай і запатрабаванай.

На гэты раз дастаткова вялікі працэнт пісьмаў быў з Шарашэва. Нядзіўна, што ажно чацвёра жыхароў гарадскога пасёлка атрымалі заахвочвальны падарунак ад ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс».
Надзеі Сцяпанаўне Гаўрылюк 82 гады. Яна не толькі пастаянная падпісчыца «раёнкі», але і вялікая аматарка вышыўкі крыжыкам. Прыгожыя сурвэткі часам прадае, але ў асноўным дорыць сябрам і знаёмым. І з нецярпеннем чакае ягадна-грыбной пары, калі можна рушыць у лес. «Пакуль вядро ягад не назбірае, з лесу не пойдзе, — кажа сын. — І ўнукаў старэйшых прыахвоціла да збору грыбоў». Сын жыве з маці і прызнаецца, што таксама чытае «Раённыя будні» сам, а пры магчымасці перадае матчыным сябрам у Гродна.

А яшчэ ў сям’і Гаўрылюкоў ў клетках на падворку ўтрымліваюцца сімвалы года — трусы, у чым мы і пераканаліся, калі прывезлі падарунак для Надзеі Сцяпанаўны. Белая самачка-труска фатаграфавацца з гаспадыняй не вельмі хацела, але давялося.
Гаўрылюкі дзякуюць за беларускамоўнасць газеты. Што тычыцца прапаноў ад сям‘і, то сярод іх — больш публікацый пра рэальныя праблемы Шарашэва і іншых населеных пунктаў, насельніцтва якіх паступова змяншаецца.
«На працягу больш чым 20 гадоў наша сям’я з’яўляецца пастаянным падпісчыкам раённай газеты, — піша Валяр’ян Каралькевіч. — З кожным годам газета становіцца больш разнастайнай, тут з’яўляюцца новыя рубрыкі. Але асаблівую цікавасць у мяне і маіх дзяцей выклікаюць фота- і відэарэпартажы на вашых старонках у сацыяльных сетках. Дзякуючы гэтым матэрыялам можна віртуальна пабываць на тых мерапрыемствах, наведаць якія асабіста няма магчымасці з-за розных абставін».
У якасці рэкамендацыі для газеты Валяр’ян Барысавіч раіць дабавіць больш рэальных жыццёвых гісторый пра ўзаемаадносіны ў сем‘ях, паміж мужамі і жонкамі, бацькамі і дзецьмі, парады па выхаванні падрастаючага пакалення. Бо сям’я — гэта галоўная ячэйка грамадства. Таксама адна з парад — публікаваць артыкулы пра вопыт у будаўніцтве і правядзенні рамонту жылля з канкрэтнымі прыкладамі, параўнаннем коштаў.
Што тычыцца прапаноў Раісы Бульчук, то сярод іх — выключыць з друкаванага выдання праграму тэлебачання. Тады ў газеце стане больш месца для цікавых артыкулаў.

Штотыднёвая рубрыка «Юрыдычны аддзел», на думку Раісы Аляксандраўны, дасць магчымасць павышаць прававую адукацыю чытачоў, а пытанні для яе яны змогуць задаваць самі. Работа сельскіх Саветаў таксама павінна асвятляцца штотыдзень. Гэта могуць быць, на думку чытачкі, падборкі заметак з розных сельсаветаў аб актуальных мерапрыемствах і іншых навінах, каб чытачы самі маглі параўнаць, дзе работа вядзецца лепш.

«З нецярпеннем чакаем кожны нумар «раёнкі», якую выпісваем яшчэ з часоў, калі яна называлася «Зара камунізму», — піша Аляксандр Феадосьевіч Васкаўшчук. — Нашай сям‘і падабаюцца матэрыялы, якія ёсць у газеце, у той жа час хацелася б бачыць і рубрыкі накшталт «Ваш юрыст», «Вазьміце на заметку», дзе б друкаваліся адказы на пытанні, якія хвалююць чытачоў. У наш час вельмі востра стаяць праблемы экалогіі. Хацелася б, каб «раёнка» больш увагі ўдзяляла ім. Напрыклад, нічога не пішаце пра закрыццё міні-палігона ЦБА ў Шарашэве, хаця тут ёсць пра што паразважаць».
Прызнацца, заўсёды цяжка бывае вызначаць, хто стане ўладальнікам падарункаў. У той жа час слушныя прапановы мы атрымалі і ад іншых шарашэўцаў. Напрыклад, Казімір Эдуардавіч Ліцкевіч звярнуў увагу на тое, што «раёнка» павінна больш увагі ўдзяляць старажылам, людзям, якія адзначылі сваё 90—100-годдзе. Яны могуць расказаць пра суровыя 1940-я гады, час акупацыі раёна фашыстамі. Ды і звярнуць увагу на іх цяперашняе жыццё, сацыяльнае абслугоўванне.
«Вельмі прыемна сустракаць на старонках газеты знаёмыя твары, гутаркі з рознымі людзьмі, — піша Алена Канстанцінаўна Курыловіч. — Але і іншая інфармацыя радуе. Цікава падарожнічаць па хвалях нашай памяці разам з «Гісторыяй з фатаграфіяй», чытаць матэрыялы пра медыцыну і адукацыю…»
Удачы ў данясенні патрэбнай інфармацыі да чытача і дапамогі сімвала года — труса, «угрызацца» ў самыя складаныя тэмы пажадалі нам Людміла Уладзіміраўна Ефімовіч і Н.А. Місюля. Спадзяёмся, што гэта таксама атрымаецца.
Падрыхтавала Ірына Сядова. Фота Юліі Янушка і Кацярыны Масік