У другой палове 1980-х гадоў тэлевізары меліся, напэўна, ва ўсіх пружанскіх дамах і кватэрах. Тым не менш залы гарадскіх кінатэатраў «Беларусь» і «Спадарожнік», клуба «Космас» — гарнізоннага Дома афіцэраў ніколі не пуставалі. І, заўважце, у кожным з іх давалася па некалькі кінасеансаў штодзень: па буднях звычайна ў пяць, сем і дзевяць гадзін вечара, па выхадных дадаваліся яшчэ і дзённыя паказы.
У школьныя гады мы з сяброўкамі паспявалі паглядзець па два фільмы за дзень. Шматлікія гледачы збіраліся і ў кіназалах вясковых Дамоў культуры, клубаў: у шэрагу іх былі свае кінаўстаноўкі, у некаторыя ездзіла кінаперасоўка.
Падобная папулярнасць была звязана перш за ўсё з больш шырокімі магчымасцямі кінатэатраў у параўнанні з тагачасным тэлебачаннем, якое не часта радавала гледачоў цікавымі фільмамі. Ды і стужкі на шырокім экране выглядалі больш прывабна, чым на маленькім, а часам яшчэ чорна-белым тэлевізійным.
Пальму першынства па праглядах утрымлівалі індыйскія фільмы, так званы жанр «масала», з аднолькава меладраматычным сюжэтам, бойкамі, песнямі і танцамі і абавязкова шчаслівым фіналам. Але і многія іншыя замежныя стужкі, айчынныя навінкі збіралі доўгія чэргі каля білетных кас. Каб здабыць для паказу самыя запатрабаваныя, а значыць, касавыя стужкі, мясцовым «кіношнікам» даводзілася не толькі кінастужкі круціць, але і самім круціцца, ездзіць дамаўляцца ў Брэст, Мінск і нават у Маскву.
Перыядычна ў кінатэатрах і вясковых клубах наладжваліся тэматычныя кіналекторыі. Звычайна падчас іх расказ пра таго ці іншага акцёра суправаджаўся фрагментамі з фільмаў з яго ўдзелам. А часам і самі папулярныя акцёры прыязджалі на сустрэчу з гледачамі.
Памятаю падобную творчую сустрэчу ў кінатэатры «Спадарожнік» з народнай артысткай РСФСР Наталляй Фацеевай. Я, тады яшчэ вельмі малады журналіст, нават адважылася задаць Наталлі Мікалаеўне некалькі пытанняў. Асабіста мне актрыса на той час найбольш падабалася ў камедыях «Тры плюс два» і «Джэнтльмены ўдачы», але ў яе фільмаграфіі і было, і пазней з‘явілася шмат іншых цудоўных роляў, у тым ліку і ў фільме «Летящие по ветру листья», знятым сумесна расійскімі і беларускімі кінематаграфістамі ў 2013 годзе.
На памяць пра сустрэчу застаўся фотаздымак, зроблены няштатным карэспандэнтам рэдакцыі Мікалаем Рэпіным. На ім Наталля Фацеева стаіць на ганку «Спадарожніка», побач з ёй — тагачасны дырэктар пружанскай кінасеткі Віктар Мікалаевіч Мігіц і спецыяліст кінасеткі Яўгенія Паўлаўна Палішчук.
Ірына Сядова
Фота з асабістага архіва аўтара