Четверг, 7 ноября 2024

Тут з малых гадоў любоў да кнігі прывіваюць! Раённая дзіцячая бібліятэка імя А. Лось адзначыла 75-гадовы юбілей (+фота)

307

Ёсць месцы, якія нібы вяртаюць у бесклапотныя часы дзяцінства. Да іх, несумненна, можна далучыць дзіцячую бібліятэку. З дапамогай першых настаўнікаў мы вучым літары, складаем першыя словы і сказы. З дапамогай бібліятэкараў вучымся арыентавацца ў вялікім і таямнічым свеце кніг. І шанцуе таму, для каго кніга становіцца сапраўдным сябрам: яму не пагражае ні сум, ні адзіноцтва, ён заўсёды мае побач цікавага суразмоўцу і добрага дарадцу.

Такія адчуванні з‘явіліся падчас юбілейнай вечарыны, наладжанай з нагоды 75-гадовага юбілею дзіцячай бібліятэкі. Створаная ў далёкім 1948 годзе, яна дорыць радасць зносін з кнігай многім пакаленням юных пружанцаў: сёння сюды прыходзяць ужо праўнукі і прапраўнукі першых чытачоў.

Дзіцячая бібліятэка некалькі разоў мяняла сваё месцазнаходжанне. Першапачаткова яна размяшчалася ў драўляным асабняку па вуліцы Чырвонаармейскай, у 1976-м, калі на гэтым месцы пабудавалі новы вучэбны корпус сельгастэхнікума, пераехала ў памяшканне на вуліцы Камуністычнай, цяперашняй Рыгора Шырмы. І нарэшце перад самым новым 2006 годам перасялілася ў будынак СДЮШАР.

Першую загадчыцу Юлію Паўлаўну Медзякову ў 1955-м змяніла Зінаіда Сяргееўна Каралько, якая бяззменна ўзначальвала дзіцячую бібліятэку 33 гады. У гэты час установа стала сапраўдным грамадска-культурным цэнтрам для дзяцей. У першай палове 1960-х і я ўпершыню з татам за руку пераступіла праз яе парог, прыціснула да сябе томік казак… Ды так і засталася жыць у абдымку з кніжкай. Уразіла тое, што Зінаіда Сяргееўна ў свае без двух тыдняў 92 гады памятае і гэты момант, і шмат іншых сустрэч з юнымі чытачамі. Жанчына ўзгадвае, як калектыў імкнуўся ўдасканаліць работу, як ездзіла дзяліцца вопытам па ўсёй Беларусі і нават за яе межы.

Такая ж невычэрпная энергія, любоў да кнігі, імкненне аддаць дзецям часцінку свайго сэрца вылучала і яе пераемніцу Вольгу Дзімітруковіч. Па працоўным стажы ў якасці загадчыцы, які склаў 34 гады, яна нават крыху абагнала сваю старэйшую калегу. Зусім нядаўна Вольгу Фёдараўну змяніла на баявым пасту Антаніна Сухарэвіч. І па ўсім бачна, што змена «падрасла» дастойная.

Гэта змаглі адзначыць і ветэраны бібліятэчнай справы, якія сабраліся на вечарыну. Творчыя і адданыя сваёй справе жанчыны шмат гадоў прывівалі дзецям любоў да чытання, займаліся з імі ў гуртках. І добрае слова знайшлося для кожнага прысутнага і таго, хто не змог паўдзельнічаць у сустрэчы. Доўгі час кіравала фальклорным клубам «Крынічка», створаным сумесна з гімназіяй, Вера Якаўлеўна Матысюк. Больш за 40 гадоў аддала бібліятэцы Іна Васільеўна Макарэвіч. Дзялілася з дзецьмі сакрэтамі творчасці народны майстар Марыя Мікалаеўна Кулецкая. Дапамагала многім маладым супрацоўнікам асвоіцца ў прафесіі Валянціна Рыгораўна Макейчык. Арганізатарам і кіраўніком лялечнага гуртка была Людміла Сяргееўна Кашуба.

На жаль, чытаючае пакаленне, да якога сябе адношу і я, паступова саступіла дарогу пакаленню, якое глядзіць тэлевізар, а потым — і пакаленню, якое пагрузілася ў віртуальную рэальнасць. Гэта адзначыў у сваім віншаванні і настаяцель Спаса-Праабражэнскага храма протаіерэй Ігар Мрыхін, даўні сябар і папячыцель дзіцячай бібліятэкі.

— Толькі кніга фарміруе чалавека, здольнага не проста паглынаць інфармацыю, але і разважаць, аналізаваць, уносіць немалы ўклад у маральнае і духоўнае развіццё асобы, — лічыць айцец Ігар. — Так што мы з вамі робім агульную справу. Нездарма словы «Біблія» і «бібліятэкар» маюць агульны корань.

ДЗагадчыца дзіцячай бібліятэкі Антаніна Сухарэвіч (другая справа) з бібліятэкарамі Валянцінай Макейчык, Наталляй Купрэевай і Наталляй Куцюк.

Як расказвае загадчыца Антаніна Сухарэвіч, бібліятэку цяпер наведваюць 2500 чытачоў, сярод іх 2100 — гэта дзеці. Сёлета прачыталі ў агульнай колькасці амаль 30 тысяч кніг. Але, каб зацікавіць сённяшніх хлопчыкаў і дзяўчынак, даводзіцца выкарыстоўваць самыя розныя формы работы. У бібліятэцы наладжваецца нямала цікавых мерапрыемстваў, гульняў, конкурсаў, майстар-класаў, працуе сямейны клуб «ЧаСиКи». Добразычлівы калектыў дапамагае дзецям пасябраваць з кнігай і… адзін з адным.

Варта сказаць, што падчас імпрэзы кожны з членаў невялікага дружнага калектыву бібліятэкараў атрымаў сімвалічны прыз. Наогул падарункаў і сюрпрызаў у гэты дзень было нямала. Павіншаваць бібліятэку з юбілеем завіталі і салісты аўтаклуба пад кіраўніцтвам Людмілы Кавалёвай. Задушэўныя і вясёлыя песні ў выкананні Вольгі Грышкевіч, Ірыны Лапаценка, Тамары Гаранінай як нельга лепш аздаблялі ўрачыстасць.

Свята атрымалася вельмі цёплым і па-дамашняму ўтульным. Вельмі добра, што, нягледзячы на змену часоў і пакаленняў, бібліятэка па-ранейшаму карысная і патрэбная кожнаму з яе чытачоў.

Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік

Глядзіце больш фота: https://vk.com/album-23306785_296588224 і https://ok.ru/budni/album/967879865224