Среда, 26 марта 2025

Турнір па пляжным валейболе на гарадскім возеры правёў РФСК «Мухавец»

2 475

У чарговы раз раённы фізкультурна-спартыўны клуб «Мухавец» запрасіў усіх аматараў спорту правесці вольны час з карысцю для сябе і ўласнага здароўя. Амаль тыдзень на гарадскім возеры праходзіў турнір па пляжным валейболе.

Сустрэць аматараў хуткага мяча тут можна было па вечарах. Сёлета жаданне прыняць удзел у турніры выказала пяць каманд. Гэта былі і зборныя, якія прадстаўлялі пэўныя арганізацыі, і «незалежныя» аматары валейболу.

Турнір праходзіў па кругавой сістэме. Усяго валейбалісты правялі дзесяць гульняў. Дырэктар клуба Вікторыя Шаманава зазначыла, што сёлета асабліва адчуваўся спартыўны дух удзельнікаў.

— У адзін з вечароў было даволі пахмурна, збіраўся дождж. Але галоўны суддзя Уладзімір Кавалевіч параіўся з камандамі ААТ «Мурава» і «ПМК-21», і яны вырашылі праводзіць гульню. І вось у самым яе разгары пачаўся моцны лівень, але каманды не пакінулі поле, а наадварот, з яшчэ большым азартам уключыліся ў матч, — расказала Вікторыя Віктараўна.

У выніку менавіта гэтыя дзве каманды аказаліся ў ліку пераможцаў. Кубак турніру і званне яго чэмпіёна заваявалі валейбалісты з ААТ «Мурава». Каманда «ПМК-21» размясцілася на трэцім радку. Другое месца заняла каманда, якая прадстаўляла ААТ «Жураўлінае».

Уладзіслаў Шпарла. Фота Вікторыі Шаманавай