
Юныя, крэатыўныя, захопленыя… З неверагоднай энергетыкай і падачай музычнага матэрыялу. Гэта ўсё пра іх: пра хлопцаў тэатральна-вакальнага гурта «Тур дэ Форс» Параслянскай СШ. Колькі б эпітэтаў не падбіралі ў іх адрас, усё роўна не хопіць. Заінтрыгавалі? А зараз аб усім па парадку.
Стварэнне любога калектыву, безумоўна, справа рук яго кіраўніка, які ў кожным сваім праекце загадзя бачыць канчатковы вынік, прычым найлепшую яго версію. Ідэя зрабіць школьнае жыццё больш яркім і цікавым узнікла ў настаўніцы рускай мовы і літаратуры Марыны Юр’еўны Пыцель тры гады таму, калі яна ўпершыню на святочным вечары ўбачыла гэтых хлопцаў на сцэне. Тады яшчэ маленькія пяцікласнікі не падазравалі, што іх вялікі патэнцыял заўважаны і яго магчыма ўвасобіць. Педагог узяўла пад сваё «крыло» шасцярых хлапчукоў, і пачалася сур’ёзная праца, рэпетыцыі і першыя выступленні ўжо ў складзе тэатральна-вакальнага гурта «Тур дэ Форс».
— Спачатку гэта быў проста тэатр, як бы сказаць «спроба пяра», у якім удзельнічаў увесь клас. Мы паставілі казку «12 месяцаў», пасля чаго захацелася чагосьці большага. Пазней да слова «тэатральны» дадалі «вакальны». Так і з’явіўся новы гурт з шасці чалавек, у якім спачатку былі толькі хлапчукі. У гэтым годзе мы ўзялі дзяўчынку-салістку, якая хутка асвоілася, вывучыла песні і ўжо стала сваёй. Назву гурта дзеці прыдумалі самі, вось ім так захацелася. Яны былі настолькі зараджаныя, што першая песня «Батарэйка» ў рок-апрацоўцы якраз прыйшлася да пары. Яны абсалютна раскрыліся, разняволіліся — і панеслася, — з гонарам расказвае творчы кіраўнік.Паколькі калектыў самадзейны, галасы ў хлапчукоў не былі пастаўлены. І тут на дапамогу прыйшла выдатны педагог па вакале, былая загадчыца мясцовага клуба Аксана Жукоўская. Яны з задавальненнем прыходзілі да яе на заняткі і ўжо зусім хутка заспявалі, што называецца, як салаўі. Навучыліся чуць мелодыю, трапляць у ноты, правільна інтанаваць — усё гэта дадало яшчэ большай упэўненасці ў сваіх сілах. Пазней шэфства над юнымі талентамі ўзяла Алеся Савушкіна, якая працягнула займацца з хлопцамі вакалам, сцэнічнымі рухамі, акцёрскім майстэрствам.
Для сцэнічнага іміджу і паўнаты карцінкі не хапала інструментаў і, каб адлюстроўваць больш-менш рэальных музыкантаў, першыя бутафорскія гітары яны вырабілі з пенапласту. Клавішы і ўдарную ўстаноўку знайшлі ў школе, а крыху пазней з дапамогай кіраўніка набылі ўжо сапраўдныя інструменты.
Заставалася толькі папрацаваць над знешнім выглядам, знайсці сваю ўнікальнасць. Ідэя апрануць удзельнікаў гурта ў скураныя курткі і джынсы-клёш з ланцугамі таксама належыць Марыне Юр’еўне. Свабода дзеянняў на сцэне, абсалютная раскованасць і поўны драйв — гэта ўжо пяцьдзясят працэнтаў поспеху калектыву, і ў гэтым мы самі пераканаліся. Кожны нумар, як маленькі спектакль, — адрыў ад рэальнасці і нейкае асаблівае пачуццё свабоднага палёту. Сваёй шалёнай энергетыкай яны запальваюць агеньчыкі ў сэрцы кожнага гледача.
— Першае выступленне на шырокую аўдыторыю па-за школай адбылося на Новы год у клубе. Ім настолькі спадабалася, што хлопцы адчулі сябе рэальнымі музыкантамі. Гэта яшчэ больш падштурхнула калектыў папрацаваць над рэпертуарам і падачай музычнага матэрыялу. Нас сталі запрашаць на розныя мерапрыемствы: выбары, Дні вёсак, у Палац культуры, на летнюю гарадскую пляцоўку. Мы вырашылі, што нумары павінны быць разнажанравыя. У рэпертуары з’явіліся песні ваеннай накіраванасці, на беларускай мове гурта «Дразды». Пад іх я заказала вышыванкі, але зверху засталіся ўсё тыя ж скуранкі-касухі, бо гэта ўжо наш уласны стыль, — дзеліцца кіраўнік гурта.
Сваю першую грамату калектыў атрымаў пасля выступлення на раённым свяце дзіцячай творчасці «Лесвіца поспеху — 2024». Далей перамога ў раённым аглядзе-конкурсе «Добры дзень, свет», потым удзел у занальным адборы для выхаду на вобласць, і зараз чакаюць вынік. Удзельнікі гурта дакладна разумеюць, каб дасягнуць пэўных вяршынь, трэба шмат працаваць. Рэпетыцыі па 10 гадзін у нядзелю і яшчэ заняткі ў клубе.
Адпачываюць яны таксама разам: наведваюць выступленні іншых артыстаў, катаюцца на каньках, абмяркоўваюць будучы рэпертуар і ўсе праблемы таксама сумесна вырашаюць. Як падкрэслівае Марына Пыцель, — гэта сапраўды калектыў, што дарагога каштуе. Дзякуючы іх крэатыўнаму кіраўніку, дзеці заўсёды пры справе, пастаянна ў пошуку новых форм самавыяўлення. Нават паспяховасць па школьных прадметах стала намнога лепшай. Ці гэта не матывацыя?Усе выступленні ўдзельнікі гурта выкладваюць у сацыяльныя сеткі, каб карыстальнікі маглі іх бачыць, слухаць і ацэньваць. Меркаванні іншых для іх таксама нямала важныя, ды і бачыць сябе з боку гледача вельмі карысна, каб правесці аб’ектыўны аналіз. Разам з Марынай
Юр’еўнай яны абмяркоўваюць кожны выхад на сцэну, праводзяць сур’ёзную работу над памылкамі. У далейшым гэта, безумоўна, адбіваецца і на якасці выступлення юных зорачак.
Яркія салісты гурта «Тур дэ Форс» — Міхаіл Кніга і Яраслаў Гарошка з самага заснавання калектыву. Зараз юнакі самастойна асвойваюць школу ігры на гітары і ўжо дамагліся пэўных вынікаў. Галоўная мара, да якой яны так старанна імкнуцца, — выступіць з гуртом «Дразды» на адной сцэне, але ўжо як прафесійныя музыкі. Дарэчы, сумеснае фота з аўтографамі «драздоў» у іх ужо ёсць, засталося ўвасобіць мару ў жыццё. На сённяшні дзень пачатковая музычная адукацыя ў гурце толькі ў салісткі Вольгі Барадзіной. У гэтым годзе яна заканчвае музычную школу па класе «цымбалы» і ў далейшым збіраецца звязаць сваё жыццё з музыкай.
Наперадзе ў калектыву грандыёзныя планы: навучыцца іграць у жывую, выступіць на гала-канцэрце ў Брэсцкім абласным цэнтры маладзёжнай творчасці, а таксама на пляцоўцы рок-фестывалю «Сонцастаянне». Дарэчы, заяўку на ўдзел яны ўжо падалі. Пажадаем гурту «Тур дэ Форс» спадарожнага ветру, яркіх выступленняў і, вядома ж, перамог. А мы будзем трымаць за іх кулачкі: няхай усё атрымацца!
Ірына Велясевіч
Фота Кацярыны Масік
