Понедельник, 13 января 2025

Туи, кексы и пасхальные кролики. О разнообразных буднях молодых инвалидов

1 002

У аддзяленні дзённага знаходжання маладых інвалідаў, што знаходзіцца ў пасёлку Сонечны, на мінулым тыдні прайшоў майстар-клас па ўпрыгожанні кандытарскіх вырабаў. І наведвальнікі аддзялення, і мінскія кандытары Таццяна Вакула і Ганна Астапук паспрабавалі сябе ў новай ролі: першыя – у ролі кулінараў, другія – у ролі настаўнікаў. Па іх агульным прызнанні, перад сустрэчай усе вельмі хваляваліся і думалі толькі аб адным: ці атрымаецца? Забягаючы наперад, адразу адкажам: атрымалася!
За некалькі гадзін маладыя людзі паспелі папрацаваць з масцікай, бялковым крэмам, паэксперыментаваць з рознымі насадкамі, упрыгожыць кексы і пернікі. Увесь расходны матэрыял быў перададзены магазінам “Карамелька”. Працаваць з масцікай, ды і з крэмам, даволі складана, але пры дапамозе прафесіяналаў і супрацоўніц аддзялення атрымаліся прыгожыя божыя кароўкі і кветкавыя паляны. Спачатку ўсе разам займаліся творчасцю, а потым, з не меншым задавальненнем, прадэгуставалі свае вырабы. Выхавацелі вельмі задаволенны, што складаная работа атрымалася ва ўсіх, але асабліва іх здзівіў Мікалай Літвіновіч, які, дарэчы, у апошні час захапіўся выпечкай. Коліны кексы і пернікі выйшлі такімі акуратнымі, што склалася ўражанне, быццам іх рабіў чалавек з вопытам.
Сустрэча спадабалася абодвум бакам. Ганна і Таццяна адзначаюць, што хлопцы і дзяўчаты ў аддзяленні вельмі чулыя, добрыя і светлыя. Яны так заразілі сваёй пазітыўнай энергетыкай, што мінчанкі і зараз знаходзяцца пад уражаннем ад шчырых зносінаў з імі.
Такія святы (а падобныя заняткі ў аддзяленні ўспрымаюцца менавіта як святы) праходзяць тут не часта, тым не менш будні маладых людзей нельга назваць аднастайнымі. Наперададні Вялікадня наведвальнікі аддзялення змайстравалі мноства сувеніраў: падстаўкі, мяшочкі для падарункаў у выглядзе велікодных трусоў, яйкі-зайкі і многае іншае. Ва ўсю ўжо ідуць і работы гуртка “Цуды цяплічныя”: падрыхтавана глеба для сяўбы радыскі, узышла расада памідораў і перцу. З восенні сочаць тут за сваім эксперыментам з туямі: хлопцы і дзяўчаты сабралі іх насенне і спрабуюць выгадаваць расліны.Туі ўжо радуюць першымі парасткамі. Будзем спадзявацца, што і далей справа пойдзе на “ўра!”.
Дарэчы, калі вам спадабалася тое, што робяць у аддзяленні, вы можаце замовіць любы выраб па тэлефоне 7-22-23.
Кацярына Пашкевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *