Адным з асноўных накірункаў дзейнасці дзяржаўнай ветэрынарнай службы з’яўляецца прафілактыка хвароб, якія перадаюцца чалавеку праз прадукты жывёльнага паходжання. Тэма бяспекі прадуктаў харчавання з’яўляецца вельмі важнай, бо ад іх якасці залежыць наша здароўе.
Пакупка прадуктаў жывёльнага паходжання, у прыватнасці, свініны, у нявызначаных месцах, а таксама па аб’явах можа пацягнуць за сабой сур’ёзныя наступствы для здароўя. Адной з асноўных небяспек з’яўляецца адсутнасць кантролю якасці прадукту.
Няякасная свініна можа ўтрымліваць бактэрыі, паразітаў і іншыя патагены і стаць патэнцыяльнай крыніцай шэрагу захворванняў, такіх як сальманелёз, які выклікаецца бактэрыяй Salmonella, эшэрыхіёз, прычынай якога становіцца бактэрыя E. Coli, тэніёз — гельмінтоз, злучаны з паразітаваннем у чалавека «свінога» цэпеня, і, нарэшце, трыхінелёз, што выклікаецца паразітам Trichinella spiralis.
Апошні таксама ўяўляе сабой вельмі небяспечнае паразітарнае захворванне, якім можна заразіцца ў выніку ўжывання ў ежу свініны або мяса дзікіх жывёл (кабана), паражонага трыхінеламі — разнавіднасцю круглых чарвякоў. Гельмінты звычайна знаходзяцца ў мясе ці сале з праслойкамі мяса і нябачныя няўзброеным вокам. Заражаная трыхінеламі свініна па колеры, паху, смаку і выгляду нічым не адрозніваецца ад здаровай. Калі гельмінт трапляе ў страўнік чалавека, ён пачынае размнажацца, нараджае лічынкі, якія асядаюць у мышцах. Інкубацыйны, ці ўтоены, перыяд захворвання складае ад 3 да 45 дзён. Першыя прыкметы хваробы — гэта ацёк павекаў, пачырваненне вачэй, галаўны боль, патлівасць, павышэнне тэмпературы. Да канца першага тыдня хваробы адзначаюцца боль у мышцах, вачах, языку, па ўсім целе з’яўляецца сып. Пры цяжкай плыні захворвання магчымы паражэнні міякарду, лёгкіх, цэнтральнай нервовай сістэмы.
Калі вы даведаліся, што мяса, якое елі, заражана трыхінеламі, патрэбна неадкладна звярнуцца да ўрача, нават калі прыкмет хваробы няма. Урач прызначыць абследаванне і прафілактычнае лячэнне.
З мэтай прафілактыкі захворванняў, якія перадаюцца праз мяса і мясапрадукты, трэба:
- набываць мяса толькі ў арганізаваных месцах гандлю з наяўнасцю дакументаў, што пацвярджаюць іх бяспеку;
- ужываць у ежу мяса і мясныя прадукты, якія прайшлі ветэрынарна-санітарную экспертызу;
- не купляць мяса ў прыватных асоб, на стыхійных рынках;
- не ўжываць у ежу самім і не раздаваць сваякам і сябрам мяса хатніх свіней і жывёл, якія з’яўляюцца аб’ектамі палявання, без папярэдняй ветэрынарна-санітарнай экспертызы.
У выпадку неабходнасці вы можаце даследаваць прадукты жывёльнага паходжання на трыхінелёз у лабараторыі ветэрынарна-санітарнай экспертызы ўстановы «Пружанская раённая ветэрынарная станцыя» па адрасе: г. Пружаны, вул. Г. Каляды, д. 20 (тэл. для даведак: 4-01-99). Для даследавання найлепш аддаваць мышцы дыяфрагмы, міжрэберныя і жавальныя мышцы. Кошт даследавання біялагічнага матэрыялу на трыхінелёз метадам мікраскапіі па стане на 08.11.2023 складаў 12 рублёў 80 капеек.
Графік работы лабараторыі ветэрынарна-санітарнай экспертызы: серада- субота — з 08.00 да 17.00, абед з 13.00 да 14.00, нядзеля — з 6.00 да 14.00.
Таццяна Карэтка, намеснік начальніка ўстановы «Пружанская раённая ветэрынарная станцыя»