Суббота, 12 октября 2024

Тры знакі салдацкага подзвігу: чытайце пра поўнага кавалера ордэна Славы, Ганаровага грамадзяніна г.Пружаны Рамана Цімафеевіча Кротава

424

На адным з дамоў па вуліцы Піянерскай у нашым райцэнтры вісіць мемарыяльная дошка. Тут у свой час жыў герой Вялікай Айчыннай вайны, поўны кавалер ордэна Славы, Ганаровы грамадзянін г.Пружаны Раман Цімафеевіч Кротаў. Сёння тут жывуць яго дзеці і беражліва захоўваюць памяць пра славутага бацьку.

Даваенная біяграфія ўраджэнца Гомельшчыны нічым асаблівым нібыта не вылучаецца: рос у простай сялянскай сям’і, з дзяцінства выхоўваўся ў працы і сумленным стаўленні да жыцця. Адразу пасля сямігодкі пайшоў працаваць.

Партызанскімі сцежкамі
Калі нямецка-фашысцкія полчышчы захапілі родны край, то Раман Кротаў далучыўся да 256-га атрада імя Сталіна 10-й Журавіцкай партызанскай брыгады і праявіў сябе адважным байцом.

Да моманту злучэння з рэгулярнымі часцямі Чырвонай Арміі атрад меў на сваім рахунку ўжо 48 падарваных і спушчаных пад адхон нямецкіх воінскіх эшалонаў з ваеннымі грузамі і жывой сілай. Народныя мсціўцы ўзарвалі больш за сотню чыгуначных і аўтамабільных мастоў, знішчылі 12 км тэлефонна-тэлеграфнай сувязі, падарвалі 18 танкаў і бронемашын і 214 аўтамашын, знішчылі 370 тон бензіну, забілі каля 2,5 тысячы нямецкіх салдат і афіцэраў.

Пазней Раман Цімафеевіч ваяваў у складзе славутай 117-й асобнай разведвальнай роты, якая ва ўсіх цяжкіх і не заўсёды пераможных баях ішла ў авангардзе 121-й гвардзейскай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі.

Гэтая дывізія, у прыватнасці, удзельнічала ў Кіеўскай наступальнай аперацыі і, нягледзячы на тое, што непасрэдна ў Кіеў не ўваходзіла, яе заслугі ў вызваленні горада былі немалымі. У сакавіку 1944 года дывізія фарсіравала раку Буг і вяла наступленне з мэтай вызвалення Львова.

Першая ўзнагарода
Да гэтага часу разведчык Кротаў быў ужо загартаваным у баях ваяром, не раз вылучаўся ў баях сваёй смеласцю, знаходлівасцю і дзёрзкасцю. Так было і 3 мая 1944 г., калі група разведчыкаў атрымала заданне захапіць адну з ключавых вышынь у Львоўскай вобласці.

Чырвонаармеец Кротаў падняўся ў атаку першым, хутка пераадолеў адлегласць да фашысцкіх пазіцый і, уварваўшыся ў варожую траншэю, забіў некалькі немцаў. Атрымаўшы раненне, працягваў сутычку з ворагам. Баявая задача, пастаўленая разведчыкам, была выканана. За праяўленую доблесць і мужнасць Раман Кротаў быў узнагароджаны ордэнам Славы III ступені.

З узнагароднага ліста:
«3 мая 1944-га года гвардыі чырвонаармеец Кротаў першым заняў нямецкую траншэю… Ва ўпор расстраляў 9 нямецкіх салдат… быў паранены, але застаўся на полі бою».

Другі ордэн
У сярэдзіне ліпеня 1944 г. баі ішлі за сяло Стаянаў на поўначы ад Львова. Немцы аказвалі лютае, добра арганізаванае супраціўленне, рабілі моцныя контратакі. І толькі да зыходу 15 ліпеня, падчас упартых баёў уся тактычная зона нямецкай абароны была ўзламана на глыбіню ад 15 да 30 км.

Пачалося наступленне непасрэдна на Львоў, важны стратэгічны вузел абароны фашыстаў. Раман Кротаў дзейнічаў у тых баях таксама ў складзе разведвальнай групы. У адной з бітваў наш зямляк знішчыў дванаццаць гітлераўцаў і здолеў выйсці з бою з добрым «уловам» — палонным немцам і яго ручным кулямётам. Раман Цімафеевіч быў паранены і ў гэтым баі, і зноў, перамагаючы боль, не выйшаў з бою да яго заканчэння.

За праяўлены гераізм і мужнасць ён быў прадстаўлены да ўзнагароды — другога ордэна Славы, цяпер ужо ІІ ступені. Але з прычыны цяжкага ранення быў тэрмінова эвакуіраваны ў шпіталь і заслужаную ўзнагароду не атрымаў…

Не варта сёння вінаваціць у гэтым камандзіраў і палітработнікаў: тады ішлі жорсткія баі, са строю выбыў і сам камандзір дывізіі генерал-маёр Іван Ладыгін, які атрымаў цяжкае раненне… Сам Кротаў пытанне аб узнагародзе ніколі і не ўзнімаў, таму што ваяваў з фашыстамі не за медалі.

Шлях да Перамогі
Пасля выпіскі са шпіталя разведчык Кротаў атрымаў прызначэнне ў 11-ю гвардзейскую Данскую кавалерыйскую дывізію, якая дзейнічала ў складзе 3-га Украінскага фронту. Дывізія прымала ўдзел у страшных баях у Румыніі, Венгрыі і Аўстрыі.

Гвардыі казак Раман Кротаў асабліва вызначыўся ў адзін з сакавіцкіх дзён 1945 года, калі выконваў баявую задачу па вядзенні назірання і разведкі пярэдняга краю саперніка. За праяўлены гераізм і мужнасць наш зямляк быў другі раз узнагароджаны ордэнам Славы III ступені.

З узнагароднага ліста:
«…Кротаў выявіў засяроджванне танкаў і пяхоты праціўніка, своечасова паведаміў камандаванню, і напад ворага быў адбіты».

Яшчэ не раз наш герой выяўляў смеласць, аб чым сведчыць наступнае ўзнагароджанне — медалём «За ўзяцце Будапешта». 5 красавіка 1945 года, у баі пры захопе разведчыкамі стратэгічна важнага моста, Кротаў быў паранены ў трэці раз.
Вестку пра Вялікую Перамогу салдат сустрэў у шпіталі.

Поўны Кавалер ордэна Славы
Пасля дэмабілізацыі Раман Кротаў вярнуўся ў родную Беларусь. Паступіў у Мінскі фінансавы тэхнікум, пасля заканчэння якога працаваў фінансавым інспектарам, а потым — начальнікам фінансавага аддзела.

З 1963 года Раман Цімафеевіч пражываў у Пружанах. Знакавых падзей у яго мірным жыцці было не менш, чым на фронце.

Дзякуючы мясцовым актывістам, у прыватнасці вядомаму краязнаўцу Міхаілу Шульману, пры падтрымцы партыйнага кіраўніцтва раёна і ваеннага камісарыята, быў ініцыяваны афіцыйны запыт у Міністэрства абароны СССР, у выніку якога ў 1968 годзе Раману Кротаву быў нарэшце ўручаны той самы ордэн Славы ІІ ступені.

Праз два гады Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР адбылося пераўзнагароджанне Кротава: замест ордэна Славы ІІІ ступені, якім ён быў узнагароджаны за сакавіцкі подзвіг 45-га, герой атрымаў ордэн Славы І ступені.

Так наш зямляк праз чвэрць стагоддзя стаў поўным кавалерам вышэйшай салдацкай узнагароды.

Ганаровы грамадзянін
Улічваючы яго франтавыя подзвігі, добрасумленную мірную працу і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці горада, Раман Кротаў у 1978 годзе ўдастоіўся звання Ганаровага грамадзяніна Пружан.

Знакавым стаў для Рамана Цімафеевіча Кротава і 1985 год. У азнаменаванне 40-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, ён быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені і стаў удзельнікам Парада Перамогі ў Маскве.

Незабыўныя дні, сустрэчы з баявымі сябрамі-франтавікамі, удзел у самім Парадзе акрылілі яго. Вярнуўшыся дадому, ён з яшчэ большай энергіяй акунуўся ў грамадскае жыццё, вёў ваенна-патрыятычную работу з моладдзю.

15 красавіка 1999 года Указам Прэзідэнта Беларусі Раман Кротаў быў удастоены ордэна «За службу Радзіме» 3-й ступені.

Жыццё нашага земляка і слаўнага сына Беларусі Рамана Цімафеевіча Кротава абарвалася 22 чэрвеня 1999 года…

Ён пахаваны на гарадскіх могілках, побач з брацкай магілай загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Уладзімір Касьянаў, падпалкоўнік у адстаўцы.

За садзейнічанне ў падрыхтоўцы публікацыі аўтар дзякуе дзецям Р.Ц.Кротава – дачцэ Наталлі і сыну Генадзю, а таксама галоўнаму спецыялісту аддзела культуры райвыканкама Наталлі Пракаповіч.