Больш за дзве з паловай гадзіны працягвалася Пасланне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Тры пытанні, зададзеныя Аляксандрам Лукашэнкам беларускаму народу, літаральна ўзрушылі грамадства, прымусілі кожнага задумацца над уласным месцам у стварэнні незалежнай суверэннай Беларусі.
Незабыўным мерапрыемства стала і для кожнага яго непасрэднага ўдзельніка, у тым ліку для членаў нашай дэлегацыі, і для мяне асабіста. Нагадаю, што ў прадстаўнічую дэлегацыю ад Пружанскага раёна ўваходзілі: старшыня райвыканкама Юрый Бісун, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў адукацыі Іван Сачэўка, дырэктар ААТ «Мурава» Пётр Білецкі, дырэктар ААТ «Пружанскі льнозавод» Мікалай Жогал, дырэктар КУВП «Камунальнік» Сяргей Бабрук, старшыня Мокраўскага сельвыканкама Вольга Грышкевіч, першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» Аляксандр Бабігорац і аўтар гэтага матэрыялу.
Атмасфера у Палацы Рэспублікі, дзе адбывалася падзея, была святочнай. Удзельнікі мерапрыемства маглі азнаёміцца з экспанатамі выставы, якая давала магчымасць акунуцца ў гісторыю і сучаснае жыццё Беларусі. Уражвалі пляцоўкі, на якіх былі прадстаўлены асабістыя рэчы герояў Вялікай Айчыннай вайны, дзяржаўных дзеячаў БССР. Дакрануцца да нашай гісторыі – дарагога варта. Далей можна было ўбачыць мадэлі беларускага аўтабудавання, дасягненні медыцынскай навукі, фармакалогіі, лёгкай прамысловасці. Вялікую ўвагу выклікала пляцоўка, на якой была прадстаўлена экіпіроўка нашых алімпійцаў. У такой жа наша зборная адправілася на зімовую Алімпіяду ў Пекін. Пажадаем, дарэчы, нашым спартсменам перамог.
Крыху далей можна было ўбачыць трыбуну і пастамент з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, на якой наш Прэзідэнт даваў прысягу служыць краіне і беларускаму народу.
Час наблізіўся да галоўнага дзеяння. Яго можна было падзяліць на дзве часткі: непасрэдна само Пасланне і пасля яго адказы Аляксандра Лукашэнкі на пытанні. Забягаючы наперад, зазначу, што дыялог з Прэзідэнтам вёўся амаль гадзіну і атрымаўся даволі грунтоўным і шчырым.
Адразу скажу, што наш лідар умее трымаць увагу залы, зацікавіць слухачоў. На самым пачатку Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што на працягу Паслання задасць тры пытанні. Перш чым адказаць на іх, кожнаму трэба добра падумаць: “Ці гатовы беларусы плаціць за асабістую абарону, за асабістую дзяржаву? Ці гатовы плаціць за суверэнітэт і незалежнасць? Ці гатовы быць ініцыятыўнымі і працаваць на сябе?” На маю думку, многія грамадзяне Беларусі дадуць на кожнае з іх сцвярджальнае “так”.
Важным было выказванне Кіраўніка дзяржавы наконт таго, што ніколі краіна не пойдзе на знішчэнне сваіх набыткаў, у тым ліку, бясплатнай медыцыны, а будзе яе развіваць, што Беларусь — сацыяльная дзяржава. Гэта — наша дасягненне, і мы павінны яго захаваць.
Нямала ўвагі было нададзена развіццю аграрнага сектара, барацьбе з пандэміяй, пытанням эканамічнага характару. Але шмат было сказана і пра знешнія пагрозы і магчымасці процістаяння ім, развіццё абароны і ваенна-прамысловага комплексу, а таксама і пра многія іншыя рэаліі сённяшняга дня, з якімі варта лічыцца.
Няма сумненняў, што кожны, хто слухаў Пасланне Прэзідэнта па тэлебачанні або ў прамым эфіры ў інтэрнэце, чытаў у рэспубліканскіх газетах або інтэрнэт-крыніцах, атрымаў адказ і на шэраг сваіх асабістых хвалюючых пытанняў.
Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара, Кацярыны Масік і з сайта president.gov.by