Суббота, 18 января 2025

Тры пакаленні — адно месца працы! Дынастыяй Карунасаў па-сапраўднаму ганарацца ў ААТ «Мурава»

571

Кожная сям’я трывалая сваімі каранямі. І чым яны мацнейшыя, тым больш упэўнена стаяць на зямлі наступныя яе нашчадкі, новыя галінкі радаводу. Такое дрэва не парушыць вецер, не падмые вада, не высушыць сонца. У дадатак, узаемаадносіны ў сапраўднай сям’і пабудаваны на павазе, любові і наглядным прыкладзе таго, як трэба жыць сярод людзей і… працаваць. Працаваць шчыра, аддана, сумленна і… на адным месцы, не шукаючы цяплейшага месца і завоблачных грошай. І, тым самым, стварыць сапраўдную працоўную дынастыю, якой па праве ў нашым выпадку ганарыцца ААТ «Мурава».

Родапачынальнікі працоўнай дынастыі Карунасаў Уладзімір Фёдаравіч і Вера Іванаўна.

Даць новае жыццё — гэта адна справа, а вось выхаваць сапраўдных людзей — зусім іншае, куды больш важнае. Бо ад апошняга залежыць, як да тваіх дзяцей будуць ставіцца навакольныя, ці не давядзецца, барані Бог, чырванець за іх перад сваімі суседзямі і знаёмымі. Не толькі заклалі ў сваіх двух сынах і дачцэ любоў і павагу да бліжняга, сумленнасць і такую шчымлівую і непаўторную вясковую сціпласць Уладзімір Фёдаравіч і Вера Іванаўна Карунасы з Муравы, але і далі пачатак дынастыі адказных і заўзятых працаўнікоў на роднай зямлі. У гэтым выпадку вельмі важны асабісты прыклад, чаго было не займаць сям’і Карунасаў. А як жа! Рука аб руку муж і жонка адпрацавалі ў тагачасным калгасе імя Калініна (цяпер ААТ «Мурава») па сорак гадоў! Уладзімір Фёдаравіч шчыраваў на трактары, нават выйшаўшы на пенсію, яшчэ некаторы час дапамагаў гаспадарцы абрабляць родныя палеткі, а Вера Іванаўна — паляводам. На той час сялянская праца была намнога цяжэйшая, чым цяпер. Але Карунасы змаглі даць паўнацэннае выхаванне сваім дзецям, прывіць любоў да малой радзімы і роднай гаспадаркі.

І хоць, на вялікі жаль, ні Уладзіміра Фёдаравіча, ні Веры Іванаўны, з намі ўжо няма, але іх пачэснае званне сельскіх працаўнікоў годна працягваюць дачка Святлана і сыны Уладзімір і Іван, якія маюць у гэтай жа гаспадарцы таксама даволі працяглы стаж. Усе трое скончылі Мураўскую школу і разляцеліся з роднага гнязда, каб за незадоўгім часам пасля атрымання прафесіі зноў вярнуцца і шчырай працай паказваць: нават на вёсцы можна жыць, мець павагу і дастатак.

Святлана Купракова: многа гадоў працы на адным месцы — гэта заўсёды пачэсна.

Святлана Уладзіміраўна Купракова (яна ж у дзявоцтве Карунас) скончыла Столінскі сельскагаспадарчы тэхнікум па спецыяльнасці «Эканоміка і планаванне сельскагаспадарчай вытворчасці» і ў 1984 годзе прыйшла на працу ў сельгаставарыства на пасаду эканаміста, а на дзень сённяшні яна — бухгалтар-касір. Ужо працуючы, Святлана Купракова павысіла сваю кваліфікацыю ў Горацкай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Ці лёгка працуецца? А як жа можа быць інакш, калі стаж набліжаецца да сарака гадоў?! Значыць, на сваім месцы, зрабіла правільны выбар. І, аглядваючыся назад, ні аб чым не шкадуе, бо працаваць у сельскай гаспадарцы — пачэсна, людзі тут ветлівыя і простыя.

На вельмі добрым рахунку ў ААТ «Мурава» і Іван Уладзіміравіч, трактарыст-машыніст з амаль 30-гадовым стажам. Ні ў якія часы праца механізатара не была лёгкай. Кожны са мной пагадзіцца. Канечне, тэхніка ўдасканальваецца, але ж адносіны да зямлі не змяняюцца: яна, як і заўсёды, чакае павагі, любові і цярпення. Часам і сям’ю сваю Іван бачыць рэдка, асабліва падчас ворыва ці ўборкі, але жыццём сваім задаволены поўнасцю. Яно склалася так, як жадаў гэтага сам, таму і скардзіцца няма на каго. Што да тэхнікі, то працаваць можна на любой, толькі б рукі з таго месца раслі. З гэтым у Івана ўсё ў поўным парадку. Таму і працуецца лёгка, на адным дыханні.

ДПраца ніяк не перашкаджае сямейнаму шчасцю — так сцвярджаюць у сям’ях Карунасаў Ірыны з Іванам і Уладзіміра з Таццянай.

Пасля сканчэння Пружанскага саўгаса-тэхнікума па спецыяльнасці «Тэхнік-механік» і службы ў арміі трыццаць гадоў свайго жыцця аддаў роднай гаспадарцы і Уладзімір, які на дадзены момант працуе начальнікам мехатрада. А пачынаў трактарыстам (14 гадоў), пасля чаго быў загадчыкам рамонтных майстэрняў. Работа кожнага на вёсцы вельмі добра бачная, тут не змахлюеш, пыл у вочы не пусціш. Але не той чалавек Уладзімір Карунас, каб працоўныя абавязкі выконваць на адчэпнае, працаваць без энтузіязму. У яго ўсё пад кантролем, парадак на першым месцы.

Ох, ужо гэтыя ранейшыя вясковыя танцы! Колькі сем’яў яны дапамаглі стварыць! Менавіта там і знайшоў сваё каханне Уладзімір, якое прыйшло да яго ў выглядзе абаяльнай Таццяны. Як прыйшло, так і цяпер крочыць па чарговым сямейным жыцці Карунасаў. Што сямейным, жонка ж таксама працуе ў ААТ «Мурава» заатэхнікам-селекцыянерам! Вось ужо сапраўды разгалінаванні ў дынастыі. Як кажа Таццяна Мікалаеўна, быць побач 24 гадзіны ў суткі — не так ужо і страшна, калі ў сям’і поўнае паразуменне і давер, а ад працы атрымліваеш задавальненне. А пасада ж падразумявае не толькі тэхнічнае выкананне абавязкаў, бо твае падапечныя рагулі кожны дзень чакаюць пяшчоты: усё жывое любіць ласку. Без яе добрага выніку не чакай.

Не парушылі добрую традыцыю і дзеці Уладзіміра Уладзіміравіча і Таццяны Мікалаеўны. Для іх таксама знайшлося месца ў вёсцы, і прыклад бацькоў быў зусім не лішнім. Старэйшы сын Аляксандр адвучыўся ў Горацкай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі па спецыяльнасці «Інжынер» і цяпер у ААТ «Мурава» загадвае машынным дваром. Разам з жонкай Хрысцінай выхоўвае трох дзетак. Што і казаць, малайчына: і працоўныя абавязкі выконваюць з усёй адказнасцю, і не забывае пра дэмаграфічную сітуацыю ў роднай краіне. Сказана шчыра, бо выхаваць трох дзетак не так і лёгка, але калі ёсць вялікае жаданне і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, то ўсё абавязкова атрымаецца.

Малодшы Дзмітрый — вадзіцель у сельгаставарыстве. І хоць атрымаў у Барысаўскім машынабудаўнічым каледжы прафесію механіка, але і не думае нічога мяняць у працоўнай дзейнасці. І мае поўнае права: калі ў чалавека ляжыць душа да дарогі, спадарожнага ветру ў фортцы, то навошта нешта мяняць? Самае галоўнае — ты ідзеш на працу з задавальненнем, адчуваеш радасць ад чарговага працоўнага дня, нават ад нязведанасці, куды паедзеш і па якой дарозе. А як жа прыемна яшчэ і ўсведамляць, што дома цябе заўсёды чакаюць жонка і дачушка з сынком! Гэтая акалічнасць кожны дзень надае ўпэўненасці: усё будзе добра, жыццё такое, якім бы хацелася яго бачыць.

Вось так людзі працуюць сабе на адным месцы з самага пачатку і не мараць аб іншым, бо яны знайшлі сябе, абралі гэты шлях свядома. Таму шчаслівыя як у жыцці сямейным, так і на працы.

Кропку ў гэтым аповедзе ставіць ніяк не хочацца. Наадварот, выказваем спадзяванне, што праз некаторы час ужо праўнукі Уладзіміра Фёдаравіча і Веры Іванаўны працягнуць слаўную дынастыю працаўнікоў на зямлі. Але гэта ўжо будзе іншая гісторыя, са сваімі героямі і працоўнымі перамогамі.

Вадзім Раўнейка. Фота Алега Сідарэнкі і з асабістага архіва сям’і Карунасаў