У Канстытуцыі нашай краіны абавязак абараняць Радзіму лічыцца свяшчэнным для грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. А Закон «Аб воінскім абавязку і воінскай службе» дакладна вызначае дзеянні і ўчынкі, якія павінен выконваць ваеннаабавязаны ў рамках правядзення мерапрыемстваў па прызыву на тэрміновую службу. Вось толькі не ўсе ставяцца да гэтых законных патрабаванняў адэкватна.
Напрыклад, з пачатку бягучага года судом Пружанскага раёна былі разгледжаны тры справы, звязаныя з парушэннем абавязкаў па воінскім уліку. У прыватнасці, двое жыхароў раёна былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за страту ваенага білета і ўтойванне адпаведнай інфармацыі.
![](http://www.budni.by/wp-content/uploads/2015/05/18май2015_6271.jpg)
Варта нагадаць патрабаванні нарматыўных актаў, якія рэгулююць ваенную кампаненту жыцця нашага грамадства. Згодна з дзеючым заканадаўствам адміністрацыйнымі правапарушэннямі лічацца нез’яўленне на мерапрыемствы па прызыву і невыкананне абавязкаў па воінскім уліку. Калі ж устаноўлена ўхіленне ад мерапрыемстваў па прызыву на воінскую службу, ухіленне рэзервіста або ваеннаабавязанага ад яўкі на зборы (заняткі) ці ўхіленне прызыўніка або ваеннаабавязанага ад воінскага ўліку, то падобныя дзеянні разглядаюцца ўжо Крымінальным кодэксам.
У выпадку двух вышэйзгаданых грамадзян былі ўгледжаны прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння. Дакладней, маладыя людзі, згубіўшы ваенны білет, павінны былі на працягу аднаго тыдня паведаміць пра сваю праблему ў раённы ваенны камісарыят і ініцыяваць афармленне новага дакумента, які для ваеннаабавязаных грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца не менш важным, як нацыянальны пашпарт. З улікам чаго судом абодва грамадзяніна былі прызнаны віноўнымі і аштрафаваны на тры і пяць базавых велічынь адпаведна.
Аднак увагу чытачоў хацелася б прыцягнуць не толькі да гэтага факта. Справа ў тым, што сёлета ў той частцы адміністрацыйнага заканадаўства, дзе разглядаюцца адпаведныя правапарушэнні, унесены сур’ёзныя змяненні. У прыватнасці, з 7 красавіка бягучага года арт. 26.3 КоАП РБ за падобныя дзеянні ўжо прадугледжаны штраф да 25 базавых велічынь (раней да 3 б.в.).
Тое ж самае тычыцца і іншых адміністрацыйных артыкулаў, якія рэгулююць паводзіны ваеннаабавязаных.
У дадзеным выпадку адзін з маладых людзей учыніў правапарушэнне яшчэ да прыняцця гэтых нарматыўных змяненняў і таму заплаціць 120 рублёў. Асобам жа, якія нядбайна ставяцца да сваіх дакументаў, трэба задумацца: ці варта пазбаўляцца 1000 рублёў за звычайную бязглуздасць?
Ігар Жытко, суддзя раёна