Абласны этап спаборніцтваў сярод санітарных дружын адбыўся ў Мікашэвічах. Паспяхова прадставіла на ім наш раён санітарная дружына ААТ «Пружанскі льнозавод».
Іх сапернікамі былі яшчэ 18 каманд з розных раёнаў першага рэгіёна. Сімвалічна, што менавіта нашы фактычна адкрылі спаборніцтвы. Менавіта каманда льнозавода першай распачала конкурс страявой падрыхтоўкі, які прайшоў на плошчы перад мікашэвіцкім Палацам культуры.
Каманды, як і на раённых этапах, чакаў шэраг выпрабаванняў.

Удзельнікаў праверылі ва ўменні аказваць першую даўрачэбную дапамогу пацярпелым, працаваць у ачагах камбінаванага і хімічнага паражэння, а таксама ў зоне інфекцыйнага захворвання.
У выніку санітарная дружына ААТ «Пружанскі льнозавод» прывезла з абласных спаборніцтваў адразу тры дыпломы пераможцаў. Найлепшымі прадстаўнікі Пружанскага раёна былі прызнаны ў конкурсах строю і песні, насценнага друку, а таксама мастацкай самадзейнасці.
Уладзіслаў Шпарла
Фота ААТ «Пружанскі льнозавод»