Воскресенье, 13 октября 2024

Тры дні напружаных хакейных баталій: у Пружанах прайшоў групавы этап першага Рэспубліканскага турніру па хакеі МУС Беларусі (+фота і відэа)

357

7 лютага ў Пружанах стартаваў І Рэспубліканскі турнір па хакеі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, прысвечаны Дню міліцыі.

Удзел у ім прынялі 11 каманд, якія падзелены на дзве канферэнцыі. У заходняй — змагаюцца 6 каманд, матчы праходзяць у горадзе Пружаны, а ва ўсходняй за званне наймацнейшага сапернічаюць 5 каманд, гульні праходзяць у горадзе Шклоў. Па дзве найлепшыя каманды з кожнай канферэнцыі выйдуць у фінальны раунд, які адбудзецца 28 лютага ў горадзе Баранавічы.

У нашай заходняй канферэнцыі перад адкрыццём турніру ўсе яго гульцы прынялі ўдзел у мітынгу-рэквіеме, які прайшоў каля помніка спаленым вёскам і быў прысвечаны памяці людзей, якія аддалі свае жыцці за нашае мірнае неба.

Пасля заканчэння мітынгу ўсе яго ўдзельнікі перамясціліся ў «цэнтр хакейных баталій». Так, каля Лядовага палаца перад пачаткам турніру, можна было назіраць выставу аўтамабіляў савецкай міліцыі. Таксама ўсе прысутныя маглі атрымаць асалоду ад уласнаручных вырабаў з гліны, прыняць удзел у розных конкурсах, а для тых, хто прагаладаўся, быў арганізаваны выязны гандаль.

На самім жа адкрыцці, як і на яго першым матчы, з цяжкасцю можна было знайсці свабоднае месца. Прывітальнае слова было дадзена старшыні Пружанскага райвыканкама Міхаілу Грышкевічу, які зазначыў асаблівую важнасць прафесіі ў тых людзей, якія бяруць удзел у гэтым турніры. У канцы свайго выступлення Міхаіл Міхайлавіч пажадаў удачы ўсім гульцам. Камандам па добрай беларускай традыцыі былі ўручаны духмяныя караваі. Напрыканцы ўрачыстага адкрыцця ўсіх гледачоў парадаваў артыст беларускай эстрады Руслан Беразоўскі, які выканаў адну са сваіх песень.

Стартавы матч згулялі каманды УУС Брэсцкага і Гродзенскага аблвыканкамаў. Лік у гульні адкрылі госці з Гродзеншчыны, закінуўшы шайбу ўжо на 16 секундзе. Зрабіў гэта Ягор Стралкоўскі, які паказаў неверагодны ўзровень хакейнага прафесіяналізму, уразіўшы публіку сваёй гульнёй і запісаўшы на свой рахунак 11 закінутых шайб. Выніковы лік 17:4 на карысць Гродзенскай каманды. Насамрэч рахунак не адлюстроўвае рэальнай карціны сустрэчы. Брастаўчане стварылі вялізную колькасць момантаў ля варот каманды з Гродна, вось толькі рэалізаваць іх яны не здолелі. Будзем спадзявацца, што ўсе шайбы каманда нашай вобласці прыберагла да наступных гульняў.

Руслан Басак.

Фота Кацярыны Масік

Больш фота — у альбоме: https://vk.com/album-23306785_301372014