Среда, 13 ноября 2024

Тры дні ў рытме МІХа! Абласны фестываль сучаснага мастацтва прымалі Пружаны (+многа фотаздымкаў і відэа)

743

Халодны вецер і гарачыя рытмы танцаў, пранізлівы дождж і басаногія цыркачы, пяшчотныя спевы і гучныя гукі саксафона…

З неверагоднымі кантрастамі ў нашым горадзе прайшоў абласны фестываль сучаснага мастацтва «Эстрадны МІХ», арганізатарамі якога выступілі абласны і раённы выканаўчыя камітэты, а таксама абласны грамадска-культурны цэнтр.

Навучэнец Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа Дзмітрый Варонін.

Пружаны ў чарговы раз прымерылі на сабе ролю музычнай сталіцы Брэстчыны. І, па прызнанні шматлікіх удзельнікаў, з ёй справіліся. Традыцыйна галоўнымі падзеямі фестывалю сталі свята-конкурс эстрадна-джазавай музыкі «Пружанскі блюз», які адбыўся ў пятніцу, і конкурс эстраднага мастацтва. Праграма апошняга расцягнулася на два выхадныя дні.

У першы дзень MIX толькі набіраў абароты. З самай раніцы, задоўга да яго афіцыйнага адкрыцця, вялікая зала гарадскога Палаца культуры ўжо чакала сапраўдных музычных гурманаў. Забягаючы наперад, адзначым, што, на жаль, не дачакалася: публікі было мала. Зразумела, што дзень працоўны, тым не менш шкада…

Але не будзем пра сумнае. Вернемся да віноўнікаў урачыстасці. Падчас адкрыцця іх шчыра віталі начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Сяргей Панасюк і намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч. Першы падзякаваў гасціннай пружанскай зямлі за цёплы прыём, адзначыўшы, што наш горад невыпадкова быў абраны месцам правядзення гэтага конкурсу, паколькі тут склаліся добрыя эстрадна-джазавыя традыцыі. А Руслан Васільевіч падкрэсліў, што фестываль дапаможа адкрыць новыя таленты і новыя перспектывы для маладых артыстаў, і пажадаў усім здаровай канкурэнцыі і поспеху.

Як і на фестывалі 2016 года, які, нагадаем, таксама праходзіў ў Пружанах, ганаровая місія адкрываць праграму выпала гаспадарам — народнаму эстраднаму аркестру «Біг-Бэнд» гарадскога Палаца культуры пад кіраўніцтвам сапраўднага знаўцы сваёй справы Сяргея Більшэвіча. Прыемна было бачыць сярод музыкантаў новых людзей, а значыць, таленавітая моладзь імкнецца пераймаць вопыт у старэйшых калег.

Навучэнка Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа Лізавета Козак.

У сёлетнім конкурсе ўзяло ўдзел трынаццаць лепшых інструментальных калектываў вобласці, а таксама чатырнаццаць салістаў-вакалістаў і салістаў-інструменталістаў, дзесяць з якіх, што вельмі паказальна, прадстаўлялі музычныя школы і прэстыжны музычны каледж г.Баранавічы.

Н а працягу пяці гадзін гучалі розныя па характары творы на беларускай, рускай і англійскай мовах. Гэта была жывая музыка. Безумоўна, узровень выканаўцаў быў розны, паколькі паміж сабою спаборнічалі каманды прафесіяналаў і аматараў, выкладчыкаў і выхаванцаў музычных устаноў. Але кожны калектыў знайшоў, чым заваяваць сэрцы няхай і нешматлікіх, але адданых гледачоў.
Літаральна «зашкальвала» майстэрства імправізацыі больш вопытных джазавых музыкантаў, здзіўлялі арыгінальнасцю і смеласцю тэхнічныя прыёмы самых юных артыстаў. Адметна, што ў адрозненне ад джазавых спаборніцтваў 2016 года, калі многія выступоўцы мімаволі адцягвалі ўвагу публікі ад тэхнічнага складніка сваімі экстраардынарнымі ўборамі, то сёлета амаль усе засяродзіліся на чысціні выканання, аддаўшы перавагу класічным касцюмам. І гэта было здорава!

Усе выступалі зладжана, дасканала, стыльна, нават элітарна, з патрэбным драйвам і імпэтам. Таму ў журы, у якім пад старшынствам мастацкага кіраўніка і дырыжора Брэсцкага гарадскога аркестра Валерыя Коваля працавалі аўтарытэтныя музыканты і дзеячы культуры, была нялёгкая задача абраць лепшых з лепшых. Але суддзі справіліся.

З падрабязнымі вынікамі фестывалю можна азнаёміцца на нашым сайце, а мы толькі адзначым, што вельмі прыемна было ўбачыць сярод шматлікіх пераможцаў нашых пружанскіх артыстаў.

Эстрадны інструментальны ансамбль «Cool Band» ДШМ г. Баранавічы.

За выканальніцкае майстэрства дыпломам III ступені была ўзнагароджана салістка народнага эстраднага аркестра «Біг-Бэнд» ГПК Вольга Якімава, якая прадэманстравала цудоўныя вакальныя даныя і добрае валоданне джазавым нюансаваннем. А сам «зорны» калектыў стаў лаўрэатам «Пружанскага блюза».

Акрамя таго, дыплом II ступені атрымала Святлана Машкала, салістка народнага струннага ансамбля «Archi» Ліноўскага СДК. У іх выкананні набыла незвычайнае гучанне «Калыханка» з оперы «Поргі і Бес» Джорджа Гершвіна.

Навучэнец Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа Яўген Кунцэвіч.

Творчая праграма першага фестывальнага дня «Эстраднага MIXа» скончылася на неверагоднай «джазавай» ноце. Вячэрні канцэрт для пружанскай публікі (і гледачоў на ім было значна больш, чым днём!) наладзіў аркестр «Jazz Party» выкладчыкаў Баранавіцкага музычнага каледжа, якія паказалі сапраўдны клас!

А новы дзень прынёс новыя ўражанні і новыя імёны пераможцаў. У суботняй праграме конкурсу эстраднага мастацтва ўдзельнічалі лепшыя ў вобласці дзіцячыя ансамблі і студыі эстраднай песні, цыркавыя студыі (пружанскіх на гэты раз сярод іх не было).

Безумоўна, ці не самымі яскравымі былі цыркавыя і гімнастычныя нумары, у якіх артысты прадэманстравалі сваё ўменне валодаць абручом і ўвогуле сваім целам. Запамінальным было выступленне юнай эквілібрысткі Марыі Капусцюк з узорнай цыркавой студыі «Ілюзія» (Брэсцкі раён), якая паказала складаныя трукі на трох кіянках, і пінчанкі Марыі Назаравай, якая сваім соулам «Вятры» і песняй «Голас зямлі», здаецца, перанесла гледачоў у нейкі містэрычны свет старажытных народаў. Некалькі харэаграфічных кампазіцый былі прысвечаны тэме Вялікай Айчыннай вайны і ўразілі арыгінальнасцю пастаноўкі.

Сваё ўменне юныя вакалісты, танцоры і цыркачы паказалі больш шырокай публіцы на вячэрнім канцэрце «Лаві настрой». Да іх далучыліся і творчыя калектывы Пружаншчыны, якія настрой, сапраўды, злавілі і прымножылі, ва ўсякім разе, моладзь, якая прадоўжыла забаўляцца на вячэрняй танцавальнай праграме «Пакаленне NEXT».

Трэці фінальны дзень фестывалю прадоўжыўся конкурснымі выступленнямі ўдзельнікаў у «дарослых» узроставых групах — 19-31 і 32-40 гадоў. Выканаўцы і вакальныя калектывы з усёй вобласці падарылі гледачам і журы незабыўныя эмоцыі. Гучалі вакальныя творы на розных мовах і на розную тэматыку. Гэты дзень, як і два папярэднія, быў неверагодна насычаным і шчодрым на надзеі. Палітра эмоцый, якую раскрылі перад гледачамі выступоўцы, напоўніла апошнюю майскую нядзелю новымі фарбамі.

Вакаліст Юрый Ліпіч (г. Пружаны).

Асобна хочацца адзначыць удзельнікаў, якія прадстаўлялі наш раён. Вакаліст Юрый Ліпіч і народны арт-гурт «Раднікі» даказалі, што наша зямля багатая на таленты. Яны годна ўпісалі свае імёны ў гісторыю фестывалю. Юрый Ліпіч за выступленне атрымаў дыплом III ступені, а «Раднікі» — I ступені. Мы віншуем нашых землякоў і жадаем далейшых творчых поспехаў.

Народны арт-гурт «Раднікі»

Завяршальным акордам фестывальных дзён стаў гала-канцэрт «У рытме MIXa», удзельнікамі якога былі пераможцы фестывалю. Гледачы яшчэ раз змаглі атрымаць асалоду ад выступленняў лепшых з лепшых. На сцэне адбывалася проста чараўніцтва, харэаграфічнае і вакальнае. Артысты прадэманстравалі сапраўднае мастацтва і надоўга зарадзілі жыхароў горада сонечным настроем.

Гэтыя тры дні праляцелі незаўважна. З чароўнымі эмоцыямі будзем чакаць наступны фестываль, дзе абавязкова адкрыем для сябе новыя імёны.

Алена Зялевіч, Вольга Вадзяновіч. Фота Кацярыны Масік.

На здымках: моманты фестывалю.

Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_284279106