У музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” сярод прадметаў калекцыі “Рукапісы” трапяткія пачуцці выклікаюць трохвугольныя франтавыя лісты. А ці ведаеце вы, чаму яны маюць трохвугольную форму? І як яны даходзілі з фронту і на фронт без канвертаў і марак?
Падчас вайны паперы і канвертаў не хапала, на фронце іх увогуле было не знайсці. Таму салдаты пачалі выкарыстоўваць для лістоў любую чыстую паперу. Але як адаслаць ліст без канверта? На дапамогу прыйшла салдацкая кемлівасць. Ліст паперы стаў адначасова і аркушам, і канвертам. Тэкст пісалі на адным баку, а потым складвалі аркуш трохвугольнікам так, каб ён быў унутры. На вонкавым баку змяшчалі адрас. Маркі не патрабаваліся: лісты з фронту і на фронт дастаўляліся бясплатна. Дзякуючы такой форме лісты не раскрываліся падчас транспарціроўкі.
Адметна, што лісты не заклейваліся: іх павінна была праверыць ваенная цэнзура. Раптам салдат у лісце выпадкова раскрые месца размяшчэння сваёй часці? Такую “шкодную” інфармацыю правяраючыя замазвалі чорнымі чарніламі.
Родныя салдат вельмі чакалі запаветныя трохвугольнікі, бо яны азначалі, што іх сын, муж і бацька жывыя. Трывожыліся, калі паштальён прыносіў дадому ліст у звычайным канверце з маркамі: часцей за ўсё так прыходзілі афіцыйныя паведамленні пра тое, што салдат загінуў або прапаў без вестак.
Марына КАЎТУНЮК, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык».