Понедельник, 28 апреля 2025

Три женщины района награждены орденом Матери!

1 443

Пра іх напісана нямала кранальных вершаваных радкоў, складзена мноства мілагучных песень, ім адрасавана безліч шчырых слоў. Але ўсяго гэтага недастаткова, каб ацаніць самаахвярнасць, на якую ідуць матулі дзеля сваіх дзетак. Нагодай у чарговы раз выказаць удзячнасць жанчынам стаў Дзень маці: напярэдадні свята, у пятніцу, у Палацы культуры прайшоў урачысты канцэрт у іх гонар.

Вітаючы прысутных у зале, старшыня Пружанскага райвыканкама М.М.Крэйдзіч падкрэсліў важную ролю жанчын: яны не проста дораць жыццё, але і бяруць на свае плечы асноўны клопат па выхаванні, станаўленні дзіцяці як асобы, зберажэнні сямейнага ачага. «Быць маці — нялёгкая і вельмі адказная работа, — зазначыў Міхаіл Мікалаевіч. — Поспех развіцця інстытута сям’і ў грамадстве таксама залежыць ад жанчыны. Яна з’яўляецца ўвасабленнем дабра і міласэрнасці». Выступоўца пажадаў, каб жыццё прадстаўніц цудоўнай паловы чалавецтва не толькі складалася з будзённых сямейных клопатаў, але і было напоўнена прыемнымі падзеямі, станоўчымі эмоцыямі і ўпэўненасцю ў будучым. Для трох жанчын, якія разам з іншымі гледачамі ў той вечар прыйшлі на канцэртную праграму, мерапрыемства аказалася асабліва хвалюючым.

З 1996 года ў Беларусі за выхаванне пяці і больш дзяцей жанчыны ўзнагароджваюцца ордэнам Маці. За гэты час на Пружаншчыне было адзначана 95 жанчын. А напярэдадні Дня маці гэты спіс папоўнілі яшчэ тры жыхаркі раёна: Алена Курыловіч, Ала Юркевіч і Марына Яраш (на здымку).

У сем’ях кожнай з узнагароджаных на мінулым тыдні ордэнамі Маці жанчын выхоўваецца па пяцёра дзетак, у тым ліку і ў сям‘і А.М.Юркевіч. Да слова, Ала Міхайлаўна — самая малодшая з сёлетніх узнагароджаных: у гэтым годзе шматдзетнай маці споўніўся толькі 31 год. Атрыманне ордэна стала для яе нечаканасцю: такую вялікую сям’ю з мужам Аляксандрам яны стваралі не дзеля ўзнагарод і сацыяльных прывілеяў. Самая старэйшая ў Юркевічаў — васьмігадовая Ангеліна (разам з татам і брацікам Артурам яна прыйшла падтрымаць маму на ўрачыстасці), самай маленькай — Аляўціне — паўтара годзіка. Дзеці ў гэтай сям’і растуць у атмасферы любові і добразычлівасці. Старэйшыя заўсёды пры справе: Ангеліна займаецца ў дзіцячай школе мастацтваў імя Р.Шырмы, шасцігадовы Арсеній і чатырохгадовы Артур ходзяць на таэквандо. Спраўляцца з клопатамі па выхаванні дзетак  дапамагаюць і бабулі. «Адны жанчыны выбіраюць кар’еру, другія — сям’ю. Я якраз з тых, хто вырашыў прысвяціць сябе мацярынству», — гаворыць Ала Міхайлаўна. — «Прызнаюся, быць маці — гэта нялёгкая кругласутачная праца. Спадзяюся, што ў мяне атрымаецца выгадаваць годных людзей».

Віншаванні і падарункі шматдзетныя маці  атрымалі не толькі ад кіраўніцтва раёна, але і ад калег. Усіх прысутных парадавалі артысты: шматлікія вакальныя калектывы, сольныя выканаўцы і танцоры. іх выступленні надалі асаблівую ўрачыстасць святу ў іх гонар.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *