Суббота, 8 февраля 2025

Трэніроўкі ад самога алімпійскага чэмпіёна! Аляксей Урманаў правёў майстар-класы для пружанскіх фігурыстаў (+ відэарэпартаж)

724

Алімпійскі чэмпіён у нашым горадзе! Расійскі фігурыст-адзіночнік і трэнер Аляксей Урманаў, які запомніўся ў тым ліку і перамогай 1994 года ў зімовых Алімпійскіх гульнях у Лілехамеры, правёў трэніроўкі для пружанскіх фігурыстаў. Можна сказаць, што сезон для нашай каманды скончыўся феерычна.

Аляксея Яўгенавіча ў Пружаны запрасіла трэнер па фігурным катанні Пружанскага Лядовага палаца Вольга Уважаная. На базе спартыўнай школы штогод улетку працуе спартыўна-аздараўленчы лагер. І вось у рамках гэтага лагера трэнер на працягу двух тыдняў праводзіў заняткі з нашымі фігурыстамі як на лёдзе, так і на спартыўнай пляцоўцы. Увогуле, гэта былі паўнавартасныя трэніровачныя дні. Дарэчы, менавіта Аляксей Урманаў трэніруе ў Сочы Мілану Рамашову, якая калісьці займалася ў нашай спартыўнай школе. Яна таксама прыехала ў Пружаны і брала ўдзел у трэніроўках на родным лёдзе.

— Я ў Пружанах упершыню, і лічу, што для такога невялікага гарадка ў вас цудоўная трэніровачная лядовая арэна. Дзеці выдатна могуць займацца фігурным катаннем, хакеем, — адзначыў Аляксей Яўгенавіч. — На трэніроўках мы шмат усяго рознага робім: працягваем вучыцца катацца на каньках, са скачкамі працуем, імкнемся знайсці час на кручэнні. Некаторыя самі просяць навучыць нечаму новаму. Нешта атрымліваецца ў маленькіх спартсменаў, нешта — не. Але мы ставімся да іх патрабавальна. Любому спецыялісту хочацца, каб быў вынік.

На лёдзе юныя фігурысты сканцэнтраваны і захоплены. Уважліва прыслухоўваюцца да слоў трэнера. А Аляксей Яўгенавіч за кожным паспявае паназіраць, тлумачыць і паказвае выкананне розных элементаў.

— Хочацца пажадаць хлопцам і дзяўчатам аднаго: з задавальненнем і старанна займацца тым, што яны для сябе абралі, нягледзячы на тое, што фігурнае катанне — гэта складана. І тады будзе вынік, — упэўнены Аляксей Урманаў.

Дзесяцігадовая Маша Мардуева лічыць, што ёй пашанцавала пазаймацца ў алімпійскага чэмпіёна. Дзяўчынка займаецца фігурным катаннем ўжо 6 гадоў і прызнаецца, што сумяшчаць вучобу з трэніроўкамі дастаткова складана. Але яна стараецца.

— Трэніроўкі з алімпійскім чэмпіёнам — гэта на самай справе вельмі крута, атрымліваеш асалоду, мне вельмі падабаецца! Цяпер вучуся рабіць трайныя скачкі, — у захапленні расказвае юная фігурыстка. — Мне падабаецца ўдзельнічаць у спаборніцтвах, я займаю 1-2-я месцы. А мой кумір — гэта Саша Трусава, расійская фігурыстка. Мне дастаўляюць задавальненне яе кручэнні і скачкі. Ёсць на каго раўняцца.

Гэты сезон для нашых фігурыстаў сапраўды быў плённым. Пружанская спартыўная школа атрымала дыплом лепшай рэгіянальнай школы, а трэнер па фігурным катанні Вольга Уважаная была ўзнагароджана як лепшы рэгіянальны трэнер. У рэспубліканскіх спаборніцтвах нашы фігурысты займаюць лідзіруючыя пазіцыі. А тут яшчэ прадставілася і магчымасць патрэніравацца з алімпійскім чэмпіёнам. Пра што яшчэ можна марыць? Самім стаць алімпійскімі чэмпіёнамі. Няхай жа мары спраўдзяцца!

Вольга Вадзяновіч, фота аўтара. Відэарэпартаж Уладзіслава Шпарлы

Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_284690231