Вынікі спартыўнага сезона 2023/2024 падвёў Беларускі саюз канькабежцаў. Трэці раз запар робяць гэта прыгожа і яскрава: падчас цырымоніі пад назвай «Гарачыня на лёдзе». Напрыканцы мінулага тыдня яна прайшла на сталічнай «Чыжоўка-арэне».
Падчас цырымоніі падвядзення вынікаў чарговага сезона Беларускі саюз канькабежцаў адзначыў спартсменаў у фігурным катанні, шорт-трэку і канькабежным спорце. Не засталіся без узнагарод і трэнеры.
Адметна, што ў ліку тых, хто ў гэты вечар падымаўся на сцэну — прадстаўнікі СДЮШАР № 2 г. Пружаны. Трэнер школы, старшыня дырэктарата Беларускага саюза канькабежцаў па фігурным катанні на каньках Вольга Уважаная атрымала ад Беларускага саюза канькабежцаў падзяку за ўклад у развіццё фігурнага катання.
Па выніках сезона 2023/2024 была адзначана і фігурыстка Ганна Калінка. Ёй уручана падзяка Беларускага саюза канькабежцаў за годныя спартыўныя вынікі.
Цырымонія «Гарачыня на лёдзе», канечне, не абышлася без сюрпрызаў для гледачоў. Сярод іх — шматлікія паказальныя выступленні. Прадставіла такое і пружанская фігурыстка Ганна Калінка. Дарэчы, менавіта яна выступіла першай. Напярэдадні Дня Перамогі разам з трэнерамі Ганна падрыхтавала праграму пад кампазіцыю «Синий платочек». Увасобіць задуму на лёдзе дапамагла лаўрэат міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў — вакальная група TriaMUR, якая і выканала песню. Ганна таксама паўдзельнічала ў сумесным нумары ўсіх фігурыстаў.
Трэба сказаць, што выхаванцы пружанскай СДЮШАР № 2, якія пачыналі свой шлях на пружанскім лёдзе, таксама адзначаны ўзнагародамі. Так, Яўген Пузанаў названы «Спартсменам года», а Васілю Барахоўскаму ўручана падзяка за паспяховае выступленне на І зімовых міжнародных спартыўных гульнях «Дзеці Прымор’я». Васіль у лютым гэтага года стаў іх чэмпіёнам.
Віншуем трэнера, яе падапечную і СДЮШАР № 2, а таксама спадзяёмся, што наступны сезон будзе яшчэ больш прадуктыўным. Відэа з «Гарачыні на лёдзе» шукайце ў Telegram-канале Budni.by.
Уладзіслаў Шпарла