Суббота, 14 декабря 2024

Трэція ў вобласці — юныя выратавальнікі з трэцяй гарадской школы!

234

На тэрыторыі Іванаўскага раёна прайшоў XVII абласны злёт навучэнцаў факультатыўных груп па накірунку «Бяспека жыццядзейнасці», падчас якога адначасова быў арганізаваны і XXII злёт Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных.

Гонар Пружаншчыны на гэтых спаборніцтвах абараняла каманда вучняў СШ № 3 г. Пружаны разам з настаўнікам фізічнай культуры Аляксандрам Бажко.

У конкурсах прынялі ўдзел 16 каманд з усіх рэгіёнаў Брэстчыны, усяго 170 юнакоў і дзяўчат. Таму барацьба за прызавыя месцы атрымалася даволі напружанай. На працягу чатырох дзён выяўляліся лідары ў розных намінацыях: веданні правілаў бяспекі жыццядзейнасці, прапагандысцкіх акцыях, турыстычных выпрабаваннях і інш. Каб напрыканцы вызначыць самых-самых.

Асабліва «гарачым» выдаўся другі дзень, на які прыпала найбольшая колькасць конкурсаў і спаборніцтваў, пераважная большасць якіх была прысвечана 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У складанай барацьбе пружанская каманда на большасці этапаў паказала нядрэнныя вынікі, дзякуючы чаму па агульнай колькасці набраных балаў заняла 3 месца. У дадатак нашы юныя выратавальнікі атрымалі выдатны зарад бадзёрасці, шмат добрых успамінаў і ўражанняў ад адпачынку ў палатачным лагеры на беразе возера Завышанскае.

Алег Сідарэнка

Фота прадастаўлена Пружанскім РАНС