Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка мае намер на сваім узроўні пасля завяршэння ўборачнай кампаніі сур’ёзна вярнуцца да пытання насення і сартоў айчыннай селекцыі. Аб гэтым ён заявіў у час рабочай паездкі ў Бераставіцкі раён Гродзенскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на гэтай тэме яшчэ ў пачатку тыдня ў Камянецкім раёне і цяпер зноў да яе вярнуўся. Пакуль у сельскай гаспадарцы краіны выкарыстоўваецца вялікая колькасць замежнага насення. Ёсць і насенне сартоў айчыннай селекцыі, але ў шэрагу выпадкаў па тых ці іншых параметрах яно ўступае замежнаму.
«Трэба працаваць з вучонымі. Трэба іх варушыць, — сказаў Прэзідэнт. — Скончыцца ўборка — трэба вярнуцца да гэтага пытання. На маім узроўні збяромся і паглядзім, падумаем. Трэба ўзварухнуць вучоных. Вось і ўсё. Гэта мы ўсё асобна павінны паглядзець. І няхай рыхтуюцца. І не проста расказваць, якія героі, а што дрэнна».
Калі ўсё было б добра, заўважыў Аляксандр Лукашэнка, то ў гаспадарках не куплялі б імпартнае насенне, тым больш яно і даражэйшае за айчыннае.
«Таму па насенным матэрыяле нам трэба разбірацца. І прытым па ўсіх культурах», — падкрэсліў беларускі лідар.
«І другое — мы павінны разгледзець, акрамя азімых рапсу і ячменю, што яшчэ нам крыху раней можна сеяць, асабліва на поўначы. Пакуль не зменім севазвароты на поўначы і пакуль не знойдзем патрэбныя культуры, яны (у паўночных раёнах. — Заўвага БЕЛТА) будуць цялёпкацца. Ну і, вядома, — дысцыпліна і парадак», — дадаў кіраўнік дзяржавы.