У нашай краіне на першым плане, з гонарам адзначым, знаходзяцца людзі, якія сваёй шчырай і адданай працай умацоўваюць суверэнітэт роднай Беларусі, робяць яе яшчэ больш прыгожай і непаўторнай. Дзяржава стараецца падтрымаць сваіх грамадзян і матэрыяльна, і маральна, забяспечыць спакойнае і годнае жыццё. Традыцыяй стала адзначаць тых беларусаў, якія аддана працуюць на зямлі, чэсна жывуць, паказваючы такім чынам прыклад для астатніх.
27 сакавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 78, згодна з якім за шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу, дасягненне высокіх паказчыкаў 23 чалавекі ўдастоена медаля «За працоўныя заслугі». У спісе ўзнагароджаных — і прадстаўнікі Брэстчыны, сярод іх — трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Місюля.
І нездарма.
Усё працоўнае жыццё гэтага чалавека звязана з сельскай гаспадаркай. Другога чэрвеня бягучага года будзе 42 гады, як Аляксандр Мікалаевіч адпрацаваў механізатарам на адным рабочым месцы: пачынаў у саўгасе «Савецкі», цяпер працягвае шчыраваць у ААТ «Жураўлінае», задаючы тэмп у рабоце маладому пакаленню.
Жыццёвы шлях пачынаўся тут жа, у вёсцы Клепачы, якая з цягам часу стала аграгарадком. У дзясятым класе (1979 год) юнак атрымаў пасведчанне трактарыста, адвучыўшыся ў Шарашоўскім ВВК. А праз тыдзень пасля выпускнога вечара Аляксандр ужо сеў за руль трактара, і з гэтага моманту пачалася яго сумленная праца на зямлі.
Адслужыў два гады ў арміі, воінскі абавязак аддаваў у падраздзяленні ракетных войскаў стратэгічнага назначэння, якое дыслацыравалася ў Эстоніі, за 80 кіламетраў ад Таліна. Калі ў 1982 годзе вярнуўся дадому, адразу ўладкаваўся трактарыстам у саўгас «Савецкі», якім на той час кіраваў Віктар Іванавіч Рошчанка. Восенню гэтага ж года Аляксандр паступіў у Пружанскі тэхнікум на завочнае аддзяленне па спецыяльнасці «Механізацыя сельскай гаспадаркі», праз тры гады стаў кваліфікаваным механікам. Але рабоце непасрэдна на зямлі не здрадзіў. Проста чалавек ужо быў на сваім месцы, тут ён адчуваў сябе запатрабаваным і… шчаслівым. Паверце, любімая работа — гэта не пустыя словы. Многія са мной пагодзяцца. А адукацыя? Дык яна яшчэ нікому не перашкодзіла.
Банальнае пытанне ў такім выпадку: ці не хацелася калі-небудзь абмяняць руль трактара на касцюм і гальштук? Дарма задаў, бо наперад ведаў адказ. Чалавек, які з такім запалам расказвае аб сваёй рабоце, проста не можа марыць аб нечым іншым для сябе, сельская гаспадарка — гэта неад’емная частка яго жыцця.
Жыць на малой радзіме для Аляксандра Місюлі было важна і таму, што тут заставаліся яго бацькі: родныя брат Дзмітрый і сястра Ганна пабудавалі сямейнае шчасце на новых месцах. Святая справа не пакінуць тых, хто даў табе жыццё, як кажуць, вывеў у людзі. Дарэчы, жыццё бацькі Мікалая Дзмітрыевіча і маці Веры Іванаўны таксама было звязана з сельскай гаспадаркай.
Работа работай, а як жа сямейнае жыццё? Тыл у Аляксандра Місюлі надзейны: жонка Людміла Уладзіміраўна, сын Віталь і дачка Марына, два ўнукі і дзве ўнучкі — бабулі і дзядулі пароўну.
У свой час ААТ «Жураўлінае» выдзеліла сям’і дом прысядзібнага тыпу ў аг. Клепачы. Вялікі дзякуй за дапамогу пры яго дадатковым абсталяванні (гараж, склеп) Аляксандр Мікалаевіч выказвае цяперашняму кіраўніку раёна Міхаілу Міхайлавічу Грышкевічу, які на той момант быў дырэктарам гаспадаркі.
Чым жа патрэбна кіравацца ў жыцці, каб паказаць сябе сумленным і адказным працаўніком? Па словах Аляксандра Місюлі, патрэбна быць справядлівым ва ўсім і для ўсіх, працаваць чэсна, каб цябе паважалі, цанілі тваю работу.
Арыенцірам у рабоце для Аляксандра Мікалаевіча з’яўляюцца дзядуля і бацька, якія, напрыклад, у час сенакосу працавалі не па стрэлках гадзінніка, а па сонцы: заходзіць яно за гарызонт — можаш паціху збірацца дадому…
Відавочна, што чалавек з такім падыходам да справы не можа быць не адзначаны ўзнагародамі. На 20-годдзе з дня заснавання Упраўлення спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Місюля ў складзе дэлегацыі з 14 чалавек ад ААТ «Жураўлінае» пабываў на ўрачыстасці ў сталіцы ў канцэртнай зале «Мінск», дзе перад дэлегатамі выступаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. З мерапрыемства прывёз памятную кнігу і набор ільняных ручнікоў. Як перадавік вытворчасці бясплатна адпачываў у санаторыі «Бярэсце», дзе для механізатара быў выдзелены нумар «люкс». Пуцёўку аплаціў Нацыянальны банк Беларусі. Падчас святкавання 50-годдзя з дня ўтварэння сельгаставарыства Аляксандр Мікалаевіч быў узнагароджаны Граматай і прэміраваны Брэсцкім аблвыканкамам.
І вось вам медаль «За працоўныя заслугі»! Высокая ўзнагарода за выдатную і шчырую работу, сумленнае стаўленне да сваіх абавязкаў. Што б ні гаварылі, але такой адзнакі сваёй працы ўдастойваюцца толькі тыя людзі, якія сэрцам і душой за сваю зямлю ў прамым і пераносным сэнсе.
Паважаны Аляксандр Мікалаевіч, віншуем з узнагародай! Няхай бу-дзе ў Вас многа сіл яшчэ на доўгія гады!
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік