Четверг, 17 апреля 2025

Трактарыст-машыніст ААТ «Ліноўскае» Валерый Амельянчук

307

Далёка не кожны працаўнік можа трапіць на Дошку гонару. Трэба сваім мазалём даказаць, што ты заслужыў гэтага, задаваць тэмп у рабоце, быць прыкладам для астатніх. А гэта не так і проста. У дадзеным выпадку немалаважным з’яўляецца і той факт, ці ўкладвае чалавек душу ў работу, а не ходзіць на працу, як на катаргу, толькі б адбыць з васьмі да сямнаццаці і подбегам дадому. А, напрыклад, у сельскай гаспадарцы, мы ведаем, наогул жа можа быць ненармаваны рабочы дзень — пасяўная, уборка, той жа тэрміновы рамонт тэхнікі.

Калі так разважаць, то тады і нездарма ў адміністрацыйным будынку ААТ «Ліноўскае» вісіць сярод іншых фотаздымак трактарыста-машыніста Валерыя Амельенчука. Сапраўды, механізатар заслужыў гэтага сваім шчырым стаўленнем да працы, сумленнасцю ў адносінах да людзей і сціпласцю: не трэба сябе выстаўляць, выбягаць уперад усіх, людзі і так цябе ўбачаць і пахваляць, калі ёсць за што.

А яно ж і ёсць! Больш за сорак гадоў свайго жыцця Валерый Уладзіміравіч круціць баранку трактара ў роднай гаспадарцы. Не адну адзінку тэхнікі з’ездзіў, як кажуць, зубы з’еў у сваёй прафесіі. Цяпер для яго разабраць і сабраць той жа рухавік — што можа быць лягчэй, калі, закрыўшы вочы, бачыш, дзе прыкручаны кожны болт і гайка. І хоць ужо на заслужаным адпачынку, але развітвацца з работай і не збіраецца. А навошта, калі яшчэ ёсць сілы, энергія, жаданне быць пры справе?! Пасядзець на печы яшчэ хопіць часу, гэта нікуды не збяжыць. Ды і як ты ўсё пакінеш, калі душою прыкіпеў за многія гады да зямелькі, да яе паху падчас веснавога ворыва? І гаспадарцы плюс: такія працаўнікі і работу выканаюць на выдатна, і маладым падкажуць, падзеляцца сваім вопытам.

Не, Валерый Амельянчук і сваю ўласную гаспадарку не закідае, якая размяшчаецца ў аг. Лінова. Тут таксама поўны парадак. З дранікамі і смятанай сустракае з працы жонка Алена Канстанцінаўна, якая чэсна адпрацавала на Аранчыцкай птушкафабрыцы і цяпер, выйшаўшы на пенсію, даглядае дом, уладкоўвае ў ім утульнасць. Як прыемна, прыйшоўшы стомленым з работы, бачыць усюды парадак, проста адчуваць за спінаю надзейны тыл і сапраўдную апору ў жыцці! А чаго яшчэ чакаць ад жыцця? Канечне, унукаў! Пашчасціла сям’і Амельенчукоў. Калі яны парадавалі гэты свет сынам Дзмітрыем і дачкой Ірынай, то кожны з дзяцей па тры разы прысвойваў сваім бацькам ганаровае званне «Дзядуля і бабуля». Бог любіць тройцу — няхай жа шчаслівымі гадуюцца ўнукі, не ведаючы бяды і гора.

Вось і атрымліваецца, што для шчасця, і сапраўды, патрэбна вельмі мала: быць заўсёды пры людзях, адчуваць іх падтрымку і быць удзячным за кожны пражыты дзень. І ў заключэнне парада ад Валерыя Уладзіміравіча: жывіце так, каб не было сорамна ні за адзін пражыты дзень.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік