Понедельник, 16 сентября 2024

Трагедыю Хатыні і ўсіх спаленых вёсак успаміналі падчас жалобнага мітынгу ў Пружанах (+многа фота)

462

Вайна адгукаецца плачам асірацелых дзяцей, стогнам скалечаных маладых лёсаў, выццём дзікага ветру апусцелых, спаленых вёсак і гарадоў. Пройдзе час, але не забудуцца цяжкія ваенныя гады, якія абышліся для беларускага народа вельмі дорага.

22 сакавіка каля помніка «Спаленым вёскам» на жалобны мітынг сабралася шмат людзей, каб ушанаваць памяць нявінных ахвяр, загінулых у ваенным ліхалецці.

Сёлета споўнілася 80 год з дня трагедыі ў Хатыні. Назва гэтай вёскі з 26 двароў значылася толькі на самых падрабязных картах Мінскай вобласці і, акрамя жыхароў суседніх сёл, мала каму была вядома.

Сёння гэты маленькі населены пункт ведаюць ва ўсім свеце як сімвал бязмерных выпрабаванняў беларусаў. Хатынь з’яўляецца ўвасабленнем соцень беларускіх вёсак, знішчаных у гады вайны разам з іх жыхарамі, суровай народнай памяццю, бязмерным людскім смуткам.

— Давайце ўслухаемся ў хатынскі звон. У яго гучанні разам зліліся дзіцячыя крыкі, мацярынскі плач і горкая бацькоўская скруха, лямант тых, хто спазнаў нечалавечыя пакуты… І няхай гэтыя галасы з мінулага кожнаму новаму пакаленню нагадваюць аб тым, наколькі крохкі свет і наколькі каштоўнае чалавечае жыццё. Пакуль гучыць звон Хатыні — Беларусь памятае, — звярнуўся да ўдзельнікаў мітынгу старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч.

Знікла Хатынь, зажыва згарэлі яе мірныя жыхары, але фашысцкія карнікі зноў і зноў распальвалі крывавае зарыва. Гітлераўская навала не абмінула і нашу малую радзіму. На сённяшні дзень вядома, што на тэрыторыі сучаснага Пружанскага раёна было знішчана 134 населеныя пункты, з якіх 43 больш не адрадзіліся. Па няпоўных дадзеных па ўсім раёне закатавана і расстраляна каля 20 тыс. мірных жыхароў, вывезена ў Германію на работы больш за 1000 чалавек.

Мы валодаем дадзенай інфармацыяй дзякуючы грунтоўнай рабоце органаў пракуратуры, якая, як адзначыў пракурор Пружанскага раёна Аляксандр Вярбіцкі, працягваецца да гэтага часу.

— Вялікая Айчынная вайна стала для беларусаў перыядам бесперастаннай жалобы. Многія нашы землякі палі ў баях, згарэлі ў агні, загінулі ў канцлагерах. І калі раней наша памяць пра гэтую трагедыю была ціхім напамінам, то зараз яна павінна пераўтварыцца ў набат, каб увесь свет зразумеў, што з ім стане, калі сучасны нацызм пераўвасобіцца ў фашызм, — сказаў Аляксандр Міхайлавіч.

З кранальным зваротам выступіў на мітынгу старшыня раённага аб’яднання ветэранаў Уладзімір Яцкевіч, які акцэнтаваў увагу на неабходнасці захавання адзінства беларускага народа. Звярнуўся да прысутных і старшыня маладзёжнага парламента Дзяніс Цямчык. Малады чалавек падкрэсліў важнасць стварэння мірнай, моцнай і квітнеючай дзяржавы, жыхары якой памятаюць подзвіг сваіх продкаў.

Слова ўзяў і настаяцель касцёла Унебаўзяцця Прасвятой Дзевы Марыі ксёндз Павел Ярашэвіч. Святар выказаў меркаванне, што пра падзеі вайны трэба згадваць часцей і справай дапамагаць сведкам той трагедыі.

Напрыканцы мерапрыемства прысутныя аддалі даніну памяці ахвярам вайны мінутай маўчання, усклалі кветкі да помніка «Спаленым вёскам».

Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы з мітынгу глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_291970998 і https://ok.ru/budni/album/957650889096