Воскресенье, 12 января 2025

Традыцыйныя памятныя мітынгі адбыліся каля брацкіх магіл у Мокраўскім сельсавеце

232

На пачатку бягучага тыдня жалобныя мітынгі прайшлі на брацкіх пахаваннях каля вёсак Казлы, Нямковічы, Краснае і Сілічы.

Штогод 17 ліпеня тут ушаноўваюць памяць мірных жыхароў, якія ў 1942 годзе былі расстраляны акупантамі. За адзін дзень гітлераўцы знішчылі некалькі сотняў мясцовых вяскоўцаў у якасці помсты за дзеянні народных мсціўцаў — партызан.

Былі расстраляны ўсе мужчыны ва ўзросце ад 16 да 60 гадоў, а вёскі спалены, жанчыны, дзеці, старыя вымушаны былі шукаць сабе прытулак, пакутавалі, галадалі.

Пасля правядзення паніхід каля кожнага помніка настаяцель Мокраўскай Свята-Петрапаўлаўскай царквы айцец Аляксандр звяртаўся да ўдзельнікаў жалобных мітынгаў з просьбай памятаць акалічнасці тых трагедый. І не дапусціць іх паўтарэння на Беларусі. У якасці праяўлення народнай памяці старшыня Мокраўскага сельвыканкама Вольга Грышкевіч і прадстаўнікі мясцовай грамадскасці ўскладвалі вянкі і кветкі да магіл ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік