Среда, 19 февраля 2025

Топ самага кароткага месяца года: якія матэрыялы спадабаліся вам больш за ўсё ў лютым

1 301

Так склалася, што пра матэрыялы-фаварыты на нашым сайце і ў месенджарах мы сёлета яшчэ не расказвалі. Выпраўляемся і прадстаўляем вам агляд самых папулярных, па меркаванні чытачоў, навін за люты.

Пачнём на гэты раз з месенджараў. Самая аператыўная інфармацыя акумулявалася менавіта там. У нашых Viber і Telegram разам з вамі мы сачылі за выступленнямі спартсменаў на Алімпіядзе і статыстыкай па захваральнасці на кавід, на працягу ўсяго дня інфармавалі пра галасаванне на рэферэндуме і, вядома, не маглі прайсці міма тэмы перагавораў Расіі і Украіны. Гэтыя пасты набралі дастаткова вялікую колькасць праглядаў, але ж самымі папулярнымі ў Viber сталі навіны пра тое, што Міністэрства аховы здароўя рэкамендавала не праводзіць вечары сустрэчы з выпускнікамі і пра зменены час работы паліклінікі ў выхадныя дні.

Навіной месяца ў Telegram стала паведамленне пра медаль Антона Смольскага на Гульнях у Кітаі. Крыху менш праглядаў набрала інфармацыя пра вынікі конкурсу «Стаіць на варце Радзімы салдат», а замкнула тройку паведамленне пра ўдалае выступленне валейбалістаў другой пагранзаставы на турніры ў Камянецкім раёне. Дарэчы, у нашым Telegram-канале з’явілася новая магчымасць. Цяпер там, як і ў Viber, вы можаце адрэагаваць на пост, і рэакцый гэтых куды больш. Таму запрашаем падпісвацца на t.me/budniby.

Цяпер абмяркуем топ-5 на нашым сайце. Узначальвае яго рэпартаж пад назвай «Адзін дзень з судовымі выканаўцамі». Рамантычнае апытанне да Дня ўсіх закаханых – на другім радку. Далей ідуць навіны пра палітычна значную падзею – Пасланне Прэзідэнта народу і Нацыянальнаму сходу – меркаванні дэлегатаў раёна і матэрыял галоўнага рэдактара з месца падзеі. Замыкае пяцёрку «смачная» навіна пра абласны семінар-конкурс для работнікаў устаноў грамадскага харчавання, які праходзіў у рэстаране «Пружаны».

І, нарэшце, пра сацсеткі. Найбольшую колькасць «падабаек» і праглядаў у групе «УКантакце» набралі ўспаміны прыхаджан пра протаіерэя Іосіфа Балюка. У «Аднакласніках» самым папулярным стаў пост з часам галасавання на рэферэндуме і фотаздымкам маладой сям’і з Муравы. Нашы падпісчыкі ў Facebook упадабалі аповед пра былога воіна-афганца Ігара Солавава, а ў Instagram найбольш спадабаліся аўдыторыі фотаздымкі з мерапрыемстваў, прысвечаных Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Нагадваем, што мы чакаем ад вас прыгожых фотаздымкаў, паведамленняў пра навіны ў вашым населеным пункце, на вашай вуліцы. Тэлефануйце нам у рабочыя дні на нумар +375298953745, пішыце на яго ж у Viber і Telegram. Давайце разам рабіць газету і яе электронныя рэсурсы цікавымі і разнастайнымі.

Уладзіслаў Шпарла