Среда, 26 марта 2025

Точка на карте района. На все Казаки одни Казаки

765

На прысядзібным участку Таццяны Уладзіміраўны і Уладзіміра Васільевіча Казакоў на адным з дрэў знаходзіцца буслянка. Штогод вясной сюды вяртаюцца з выраю буслы, нягледзячы на тое, што вёска Казакі — адна з самых маланаселеных на тэрыторыі Шчарчоўскага сельсавета. Цяпер тут пастаянна пражывае толькі адна сямейная пара.


Але кажуць, што тая сям’я, побач з якой пасяліўся бусел, будзе шчаслівай. Я ў гэтым пераканаўся яшчэ раз.
«Казакамі» да ХVІІІ стагоддзя называлі прыгонных сялян, якія ўцякалі ад прыгнёту і асноўвалі свае паселішчы. Пазней гэта была катэгорыя людзей, якія вялі ахоўную службу па найме. Верагодна, вёска Казакі вядзе пачатак якраз з такога паселішча. Так што невыпадкова мясцовыя жыхары масава насілі прозвішча Казак.
Уладзімір Васільевіч таксама чалавек мясцовы. У свой час прывёў у бацькоўскі дом дзяўчыну з суседняга Камянецкага раёна. Так і засталіся на Пружаншчыне.
— Калі выйшла замуж, то свёкар і свякроў трымалі ў асабістай гаспадарцы дзве каровы, — успамінае Таццяна Уладзіміраўна. — Мы з мужам працягваем гэту традыцыю.
У летні перыяд сям’я Казакоў рэалізуе на Пружанскі малочны камбінат за дзень каля 40 літраў малака. Рэгулярна прыязджае машына з перапрацоўчага прадпрыемства, якая і забірае малочную прадукцыю.
— За малако мы бяром неблагія грошы, — кажа гаспадыня. — Атрымліваем іх у аддзяленні паштовай сувязі ў аграгарадку Шчарчова тры разы ў месяц.
Цялят сям’я Казакоў рэалізуе ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс». За гэта, згодна з дагаворам, атрымлівае сена, салому і зерне. Уладзімір Васільевіч частку сена нарыхтоўвае на сваім прысядзібным участку.
Для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі Казакі ўзялі дадаткова яшчэ два гектары зямлі. Менавіта на ёй знаходзіцца паша для выпасу кароў. Праўда, яна ўжо патрабуе перазалужэння.
Да нядаўняга часу працавітая сям’я трымала яшчэ і каня, але паколькі ён меў ужо сталы ўзрост, то вырашылі ад яго пазбавіцца. Засталіся на падворку авечкі, якіх, як лічаць гаспадары, трымаць выгадна: іх мяса цяпер цэніцца на рынку.
Увесь час Уладзімір Васільевіч і Таццяна Уладзіміраўна займаюцца свінагадоўляй. Трымаюць дзве свінаматкі, а парасят паспяхова рэалізуюць.
Штогод каля гектара зямлі сям’я засявае збожжавымі, а прыкладна на 70 сотках вырошчвае бульбу. Усё гэта таксама добрая дапамога для жывёлагадоўлі.
На падворку Казакоў стаіць трактар «Беларус-80». Ёсць таксама набор неабходных прычапных агрэгатаў для апрацоўкі глебы, у тым ліку і бульбаўборачны камбайн.
Уладзімір Васільевіч і Таццяна Уладзіміраўна з нецярпеннем чакаюць надыходу вясны, каб зноў заняцца любімай справай.
Не мог не запытацца, ці не сумна ім адным на ўсю вёску?
— Нам няма калі сумаваць, кожны дзень праходзіць у клопатах па гаспадарцы, — адказваюць Казакі.
Мікола АРХУЦІК, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).