Калі яшчэ, як не летам, у першы дзень чаканых канікул, святкаваць дзень самых усмешлівых, добрых, прыгожых, тых, хто яшчэ толькі пазнае гэты свет, — Дзень абароны дзяцей?! Святкаванні з гэтай нагоды ў Пружанскім раёне расцягнуліся адразу на некалькі дзён. Ключавой жа падзеяй 1 чэрвеня ў Пружанах стала адкрыццё новай дзіцячай пляцоўкі ад Пружанскага малочнага камбіната.
Як мы ўжо расказвалі ў суботнім нумары «раёнкі», ганаровым госцем мерапрыемства стаў старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. Ён падкрэсліў, што абарона жыцця, здароўя, правоў і законных інтарэсаў дзяцей — асноўныя задачы нашай дзяржавы.
Пляцоўка, па словах Міхаіла Міхайлавіча, гэта не толькі цудоўнае месца для адпачынку і баўлення вольнага часу, але і выдатны падарунак хлопчыкам і дзяўчынкам да 590-годдзя Пружан. Кіраўнік раёна пажадаў усім шчасця, поспехаў, добрага настрою, увасаблення планаў і ажыццяўлення мар.
А пачалося ўсё з ідэі зрабіць тэрыторыю каля ўласнага фірменнага магазіна пазнаваемай. Адной з задум стала адкрыццё зоны адпачынку з лаўкамі і вячэрняй падсветкай каля «Вераса». Пасля, нібы пацеркі на нітцы, сталі з’яўляцца новыя ідэі. Як расказаў дырэктар Аляксандр Лось, даручэнне пачаць выпуск смачнага віду прадукцыі — марожанага — было дадзена Пружанскім райвыканкамам. І выпуск марожанага асвоены. Першыя яго дэгустацыі правялі яшчэ ў красавіку.
Але каля «Вераса» нібыта чагосьці не хапала. Зона адпачынку для дарослых і моладзі ёсць, а для дзяцей? Так нарадзілася думка ўсталяваць каля магазіна на Палескай дзіцячы гульнявы комплекс. Ад ідэі да ўвасаблення, як пасля раскажуць журналісту спецыялісты аддзела маркетынгу, прайшло прыкладна тры месяцы. Работу па закупцы і ўзвядзенні даверылі фірме, якая выканала ўсё «пад ключ».
У складзе дзіцяча-гульнявога комплексу — горкі, лесвічкі, атракцыён у выглядзе паравозіка, кольцы, на якіх малыя могуць падцягвацца, і нават зона для гульні ў футбол. Словам, усё для таго каб дзеці ўсміхаліся, заводзілі новыя сяброўствы і замест сядзення ў тэлефоне прыходзілі сюды зноў і зноў.
Падрыхтаваліся да свята і работнікі культуры. У ролі вядучай выступіла Дыяна Крэтава, а яе памочнікамі сталі шматлікія мульцяшныя і казачныя персанажы — Мальвіна, Баба Капа і Лунцік, героі «Смяшарыкаў» і іншыя. Разам з імі можна было пагуляць, патанцаваць і, безумоўна, сфатаграфавацца. Добрым настроем зараджалі ўсіх ўдзельнікі эстраднай студыі танца «Амялі» Палаца культуры пад кіраўніцтвам Алега Строка, а таксама салісткі Анастасія Грышкевіч, Лізавета Копыл і Ганна Якутовіч. Працавала і зона ад РАНС.
Чаргу ж па пружанскае марожанае трэба было бачыць! Прызнаюся, што ўпершыню падчас свята паспрабаваў яго і я. Ацэнка: выдатна! Нашы чытачы таксама маюць магчымасць ацаніць і «просты» прадукт, і розныя смакі напаўняльнікаў, якія прапануе наш малочны камбінат.
Дарэчы, маркетолагі адзначылі, што ідэя з дзіцячай пляцоўкай — далёка не апошняя ў спісе. Ужо зараз рэалізуюць яшчэ адну, але гэта ўжо тэма для наступнага матэрыяла. Што да пляцоўкі, то Пружанскі малочны камбінат шчыра запрашае дзяцей. Мне ж толькі застаецца нагадаць пра тое, што да падарункаў адносяцца беражліва. Успомніце, як літаральна ў першыя дні работы разграмілі дзіцячую пляцоўку, усталяваную ў гарадскім парку, непадалёк ад месца, дзе раней размяшчалася сцэна.
Хочацца верыць, што ў дадзеным выпадку ўсё будзе не так і новы аб’ект стане сапраўды месцам радасных сустрэч і шчырых усмешак!
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы з адкрыцця пляцоўкі: https://vk.com/album-23306785_293459039 і https://ok.ru/budni/album/962130161032