Поўным ходам ідзе жніво-2024. Ураджай убіраецца да апошняга зярнятка, з якога ў сукупнасці і складаецца залацісты запас роднай Беларусі. Калі браць у разрэзе Пружаншчыны, то ўклад у агульную скарбонку краіны на аўторак бягучага тыдня — 94848 тон зерня. Па ўраджайнасці на гэты ж дзень выйшлі на 42,4 ц/га. Але ёсць у раёне і гаспадаркі, у якіх яна перавышае лічбу 50. У чым сакрэт багатага ўраджаю, мы і вырашылі разабрацца.
Напрыклад, ААТ «Мурава», якое ў рэгіёне займае другое месца па ўраджайнасці — 57,3 ц/га (на першым «Агра-Калядзічы» з 58,4 ц/га). А ўзяць па сельгаскультурах: у «Мураве» азімая пшаніца — 65,0 ц/га, азімае трыцікале — 68,8 ц/га, азімы рапс — 44,0 ц/га, яравы ячмень — 46,5 ц/га.
Гэта вельмі важкія лічбы, якія даюць надзею на стабільнае развіццё гаспадаркі і рост дабрабыту яе працаўнікоў.
А пачынаецца ўзыходжанне да такіх паказчыкаў, па словах галоўнага агранома ААТ «Мурава» Юрыя Гарустовіча, не са спадзявання на сілы нябесныя, а з захавання аптымальных агранамічных тэрмінаў. Усё павінна рабіцца своечасова, з навуковым падыходам.
Вось цяпер, калі яшчэ ідзе ўборка, у сельгаставарыстве рыхтуюцца да сяўбы азімага рапсу, які трэба ўкінуць у зямлю ўжо ў першай палове жніўня, затым у пачатку верасня наступіць чарга і астатніх азімых культур. Што робіцца? На дадзены момант па зжатым актыўна ўносяцца мінеральныя ўгнаенні, пры гэтым абавязкова ўлічваецца норма ўнясення, а не на вока. Пасля чаго будзе праводзіцца ворыва і сяўба. Па сутнасці, работы такога ж плану чакаюцца і па вясне.
— Не чакаем, пакуль кволыя расткі зацягне пустазелле. Таму праводзім хімпраполкі. Апрацоўка прафесійнымі фунгіцыдамі дазваляе захаваць здароўе сельскагаспадарчых культур і ўраджай — а значыць атрымаць максімальную выгаду. Шкодныя насякомыя таксама не дрэмлюць. Таму ў час уносім інсектыцыды. Многа работы? Але ж яна ў выніку прыносіць свае плады, і, як бачым па ўраджайнасці ў ААТ «Мурава», немалыя.
Пагаварылі і пра сарты сельгаскультур. Нацыянальныя цэнтры краіны штогод папаўняюць рэестр беларускай селекцыі. Што важна, усе сарты паспяхова канкурыруюць з лепшымі замежнымі дасягненнямі ў гэтай галіне. Тады навошта далёка хадзіць, калі лепшае можна набыць і ў сябе дома? Па гэтым прынцыпе жывуць і ў ААТ «Мурава» — толькі айчыннае. Плюсы беларускіх сартоў у тым, што яны зімастойкія, высокапрадукцыйныя, устойлівыя да засухі і хуткаспелыя. Некаторыя могуць даць вельмі высокую ўраджайнасць. Такая вось простая арыфметыка.
Не скідаецца з рахункаў і тэхніка. Яна павінна быць падрыхтавана на 100 % як для сяўбы, так і для ўборкі. Агрэгаты загадзя рэгулююцца пад адпаведныя работы, напрыклад, выстаўляецца норма высеву, каб не было так: дзе густа, а дзе і пуста. Добра, што паступова праводзіцца аўтаматызацыя сельгасработ. На тым жа жніве абавязкова кантралюецца страта зерня. Нельга папусціцца ні ў чым, інакш…
Людзі працавітыя, адказныя, сумленныя. Вось з такімі нічога не страшна. Любая работа будзе выканана якасна і, што немалаважна, з душой і любоўю да роднай зямлі. ААТ «Мурава» на шчырых працаўнікоў пашанцавала, таму работа робіцца — што самае важнае. А гэта адразу адлюстроўваецца ў статыстычных справаздачах.
Ці ёсць магчымасці ў астатніх гаспадарак раёна паказаць такія ж лічбы па ўраджайнасці, а, можа, і вышэйшыя? Канечне, і там жа шчыруюць старанныя сельскія працаўнікі. Крышачку цярпення, адданасці абранай справе, дакладнасці выканання пастаўленых задач — і наперад, да новых перамог! А яшчэ абавязковае захоўванне агратэхнічных тэрмінаў, пра што неаднаразова гаварыў і Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка, ніхто не забараняе пераймаць вопыт у суседзяў, можна і нават патрэбна рыхтаваць свае кадры, займацца з імі, павышаць іх кваліфікацыю. І вынік не прымусіць чакаць.
Вадзім Раўнейка
Фота Руслана Басака