Напрыканцы мінулага тыдня прагрэсіўнае чалавецтва ўскалыхнуў крывавы тэрарыстычны акт, які быў ажыццёўлены ў падмаскоўным Краснагорску, у «Крокус Сіці Хол». У выніку гэтай жахлівай бойні загінула больш за 140 чалавек, даволі шмат атрымалі раненні і атручванні прадуктамі гарэння.
Чаму я напісаў пра прагрэсіўнае чалавецтва? Ды таму, што былі і такія, хто радаваўся, скакаў ад шчасця, спачуваў не ахвярам, а тэрарыстам з-за таго, што іх злавілі і нанеслі пабоі. Такіх можна адносіць да нелюдзяў. Чым яны лепей за забойцаў? А нічым! Тыя, хто ўхваляе тэрарызм, нягледзячы на тое, у чый адрас ён быў накіраваны, падобныя на пачвар, якія прагнуць крыві… Іх чакае не толькі мірскі суд і пакаранне, але і суд Боскі.
Не буду я высвятляць: чаму не было ўзброенай аховы на такім шматлюдным мерапрыемстве, як злачынцам удалося трапіць са зброяй і гаручымі рэчывамі ў «Крокус», чаму ва ўмовах спецыяльнай ваеннай аперацыі (СВА) па дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі Украіны расіяне расслабіліся, страцілі пільнасць? На гэтыя пытанні далі і будуць даваць адказы следчыя органы Расійскай Федэрацыі і іншыя адказныя асобы. Скажу адно, чалавецтва ўвайшло ў такую стадыю свайго развіцця, што спакою доўга яшчэ не будзе. Пакуль некаторыя краіны не зразумеюць, што іх аднапалярны свет пакрысе зыходзіць у небыццё, на звалку гісторыі, не пакінуць спробы надзімаць шчокі і хмурыць бровы, лічыць, што толькі гегемон мае права вырашаць лёс іншых краін і кантынентаў, прыносіць свае каштоўнасці з так званай самай дэмакратычнай дэмакратыяй, да таго часу будуць гінуць людзі, весціся войны, гучаць выбухі ў мірных гарадах.
Тыя, хто падрыхтаваў, забяспечыў грашыма, зброяй гэтых істот, якія ўчынілі забойствы, не на жарт перапужаліся, што не ўсё пайшло па іх сцэнарыі. Меркавалася, што ахвяраў будзе значна больш, бо ў той вечар акрамя абслугоўваючага персаналу, музыкантаў, у «Крокусе» было больш за 6,5 тысяч гледачоў. Задача перад тэрарыстамі ставілася наступная — знішчыць як мага больш людзей. Мала таго, тэрарысты павінны былі збегчы на Украіну. Дарэчы, у бок мяжы краіны-суседкі яны і імчалі на сваёй белай іншамарцы. Там іх чакалі ўкраінскія тэрарысты, каб хутчэй за ўсё, адразу знішчыць. А навошта яны ім, гэтыя істоты, якія сваю функцыю як маглі, так і выканалі?!. Ды і другую частку з абяцаных паўмільёна расійскіх рублёў не трэба аддаваць. На гэтай думцы сышліся многія эксперты, якія ведаюць больш чым я, з’яўляюцца прафесіяналамі ў ваеннай, вышуковай, антытэрарыстычнай справах. Спецслужбы Украіны ведалі пра ўсе абставіны гэтай трагедыі і, магчыма, былі часткай яго падрыхтоўкі. Але, як казаў, ацэнку і вывады ўсяму гэтаму дасць следства.
Трагедыю, якая адбылася ў Расіі, беларускі народ успрыняў як свой боль. У адрас нашых братоў гучалі словы спачуванняў, да пасольства і консульстваў Расійскай Федэрацыі неслі кветкі, дзіцячыя цацкі, бо сярод загінуўшых 11 дзяцей, запальвалі свечкі. Аляксандр Лукашэнка першым патэлефанаваў Уладзіміру Пуціну, каб выказаць словы спачування і падтрымкі. На працягу сутак тэлефонная сувязь паміж Кіраўнікамі нашых дзяржаў працягвалася.
Неспакойна не толькі ў Расіі, але і каля нашай мяжы. Тут з боку Польшчы і Украіны ідзе канцэнтрацыя войскаў. Першы на днях пабываў там. Ніхто не чакаў прыезду нашага Прэзідэнта. Але ён, нягледзячы на рэальную пагрозу, прыехаў, каб праверыць пільнасць вайскоўцаў. Ацэнка — наша мяжа пад надзейнай аховай. Хто б свой мілітарысцкі нос не паспрабаваў бы ўсунуць, яго адаб’юць адразу. Лепш не суньцеся да нас, спадары! Аднак, пільнасць нам не трэба страчваць.
Віктар Ільюшчанка